epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Усё і ўсе

Знікае ўсё...

На жаль, і ўсе —

Немудрагелістасць такая.

І нават час,

Што нас нясе,

«Наш» час, за намі след знікае.

 

Знікае хтосьці ў барацьбе,

А нехта, лындзячы штодзённа.

Знікаем часам мы ў сабе —

І прыжыццёва,

Й прынародна.

 

Хоць мы знікаем пакрысе,

А думка кожнага з нас раніць:

Калі ўжо знікне ўсё і усе,

Як захаваць нязніклай памяць?



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.