epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Усё паўтараецца...

Ехаў дзед на санях з базару. Конік весела перабіраў нагамі, і ў дзеда настрой быў цудоўны. Ён прадаў усё, што планаваў і купіў усё, чаго жадаў.

Раптам бачыць ляжыць на снезе, упоперак дарогі нежывая Ліса. Дзед спыніў коніка і падышоў да нечаканай знаходкі. Падняў лісу за хвост, агледзеў яе з усіх бакоў і задаволена ўсміхнуўся:

— Добры каўнер будзе для маёй бабы. Але, Лісанька, калі ты прыкінулася мёртвай, то табе не пашанцавала, бо тую казку, у якой ты абдурыла дзеда, я чытаў. Ды і рыбы на маіх санях няма. Таму, для надзейнасці, я пакладу цябе ў мех і моцна завяжу.

Зрабіў гэта дзед і паклаў мех з Лісой на сані да другіх клункаў.

І зноў конік весела зацерабіў нагамі снег, а дзедаў цудоўны настрой зрабіўся яшчэ больш цудоўным.

А вось Лісе ў мяху было не да весялосці. Яна сапраўды прыкінулася мёртвай, каб абдурыць чарговага дзеда і паласавацца на дармавінку чужым дабром. Але гэты, просты з выгляду дзед, аказаўся начытаным дзедам.

Каб неяк уратавацца, пачала Ліса пакручвацца ў мяху ды пакочвацца. Краталася яна, краталася і нарэшце скінулася з саняў на дарогу. Стары гэтага не заўважыў, бо глядзеў увесь час уперад, кіруючы канём.

Сядзіць Ліса ў мяху пасярод дарогі і не ведае, як з гэтай пасткі высвабадзіцца. Зрабіла яна ў мяшку маленькую дзірачку і пазірае, а раптам хтосьці ёй дапаможа. Бачыць, ажно па дарозе ідзе Воўк. Узрадавалася палонная, але радасць яе была нядоўгай. Воўк быў без хваста. Гэта быў той самы Воўк, якому яна калісьці параіла лавіць рыбу на ўласны хвост, і які пазбавіўся ўмерзлага ў ваду хваста, ратуючы сваё жыццё. Не, гэты Воўк ёй не таварыш. Ён не толькі не выпусціць яе з меха, а чаго добрага, і прыдушыць ад злосці.

А тым часам Воўк наблізіўся да незвычайнай знаходкі і пачаў разглядаць ды абнюхваць яе. Раптам чуе з меха чыйсьці голас:

— Не хачу! Не жадаю быць царом звяроў! Не хачу быць Львом! Няхай ім будзе хтосьці другі, толькі не я!

Воўк прыслухаўся і пазнаў голас сваёй крыўдзіцельніцы Лісы.

— А-а, рыжая, папалася! — рассмяяўся ён.— І на цябе знайшлася ўправа!

Але Ліса працягвала паўтараць:

— Не хачу быць Львом! Не хачу быць царом звяроў! Няхай ім будзе хтосьці іншы, больш разумны, чым я!

— Дарэмна стараешся, Лісанька! — пахлопаў лапай па меху Воўк.— Справа ў тым, што пра Хаджы Насрэдзіна з Бухары я чытаў. І замест цябе лезці ў мех не збіраюся.

— А-а, гэта ты, Воўк? — пачала хітраваць Ліса.— Я і не ведала, што ты падышоў да меха. А каб ведала — прамаўчала б, бо сюды, на маё месца, патрэбен хтосьці з галавой.

— А я што, па-твойму, без галавы? — абурыўся Воўк.— Не дурнейшы за цябе!

— Каб быў не дурнейшы, сядзеў бы на маім месцы,— адказала Ліса. Ідзі сваёй дарогай, я дачакаюся больш разумнага, чым ты.

І Ліса зноў пачала прычытаць:

— Не хачу быць царом звяроў! Майго розуму недастаткова, каб быць Львом!

Воўк занепакоіўся.

— Пачакай, Ліса! Няўжо я ўжо самы дурны ў лесе? Што трэба для таго, каб быць царом звяроў? Ты растлумач талкова...

— Для пачатку той, хто пажадае быць царом звяроў, павінен заняць маё месца,— тлумачыць Ліса.

— А далей што? — захваляваўся Воўк.

Ліса запратэставала:

— Не, Воўк, не буду я табе нічога тлумачыць, бо ты не падыходзіш для такой высокай пасады. Ідзі куды ішоў.

Воўк не вытрываў і развязаў мех.

— Ну, вылазь!

Ліса зрабіла пакрыўджаны выгляд.

— Не вылезу! Ты карыстаешся тым, што дужэйшы за мяне. Гэта гвалтоўны захоп улады!

— Лісанька! — узмаліўся Воўк.— Дай сесці мне на тваё месца. Ну, хоць на хвіліначку.

— На адну хвіліначку можна,— злітавалася Ліса.

І яна вылезла з меха, куды хуценька заскочыў задаволены Воўк. Рыжая гэтак жа хуценька завязала мяшок і спытала:

— Ну як, добра табе там?

— Пакуль не блага, а што далей?

— А далей, Ваўчок,— засмяялася Ліса,— быў ты без мазгоў, застаўся без хваста, і памрэш ты апошнім дурнем. Бывай, Шэры!..

А ў гэты час дзед пад’ехаў да сваёй хаты, скуліўся з саняў і гукнуў бабу:

— Сустракай, старая! Гасцінцаў табе прывёз поўныя сані!

На ганак выйшла жонка.

— Усё прадаў?

— Усё!

— Усё купіў?

Дзед ажно засвяціўся.

— Усё! І нават больш! Дармавую Лісу табе на каўнер прывёз. Шыкоўны каўнер будзе табе, баба!

Старая насцярожылася.

— Якая Ліса? Які каўнер? Я чула, што адзін стары ў казцы ўжо прывозіў сваёй жонцы каўнер. З Лісой лепш не звязвацца. Гэта шэльма каго хочаш абдурыць.

— Мяне не абдурыць! — усміхнуўся дзед.— Я яе ў мех запіхнуў і моцна завязаў. Ад мяне не ўцячэ!

Якое ж было здзіўленне дзеда, калі меха з Лісой на санях не аказалася. Дзед павярнуў каля назад, каб ехаць шукаць прапажу, але баба выхапіла з яго рук лейцы:

— Ты ўжо даказаў, які ты не дурань. Чакай мяне і вучыся ў разумных, пакуль я жывая.

Зноў конік весела цярэбіць нагамі снег, а баба пільна ўглядаецца ўперад, на дарогу. А вунь і мех!

Старая пацірае рукі:

— Безгаловыя губляюць, а разумныя знаходзяць!

Воўк — зірк праз дзірачку і зразумеў, што прыйшоў яму канец. Прывязе яго баба ў вёску і, не забілі тады, калі ён хвастом лавіў рабу, здзяруць з яго скуру гэтым разам. Ён напруг мазгі, шукаючы ратавальнага выйсця, і ўспомніў, праз які падман трапіў у мех.

А баба падклыпала да меха і кухтальнула яго нагой:

— Ну што, Рыжая, збегчы хацела! Я табе не дзед, будзеш ты маім каўнерам. Будзеш!

Раптам чуе з меха голас:

— Не хачу быць уладычыцай марскою! Не жадаю, каб мне прыслужвала сама Залатая Рыбка! Марской уладычыцай павінна быць толькі жанчына!

Баба аслупянела. Голас быў не Лісы, а больш грубы.

— Хто ў мяшку? — спытала яна.

— У мяху я, Ліса. Я не хачу быць марской уладычыцай, каб на пасылках у мяне была сама Залатая Рыбка! Уладычыцай павінна быць разумная і талковая жанчына!

— Дык я талковая і ёсць! — з гонарам адказала баба.— Да таго ж я і разумная!

— А кіраваць усімі марамі і акіянамі здолееш? — пачулася з меха.— Ці, можа, лепш твайго дзеда на гэту пасаду прызначыць?

— Куды яму! — запратэставала баба.— Ён у мяне дурань дурнем. Яго Ліса і тая абмішурыла, як апошняга прасцячка.— Тут баба насцярожана спытала: — Дарэчы, гэта ты яго абдурыла?

— Я! Хто ж яшчэ? Ды развяжы ты мех, хопіць нам размаўляць усляпую.

Баба развязала мех і адскочыла.

— Дык якая ж ты Ліса? Ты ж Воўк!

— Не бабуся, я — Ліса! Гэта мяне, Лісу, дзед пасадзіў у мех і праз нейкі час я ператварылася ў Ваўка. А каб я пасядзела яшчэ даўжэй, ператварылася б у марскую ўладычыцу. А я не хачу ёй быць, я вады баюся.

— А, можа, я падыду? Мне — мора па калена! — зазірнула ў вочы Воўку баба.— Ці ж я ўжо такая дурная?

— Вось ты — самае тое! — запэўніў Воўк.— Лезь у мех і толькі потым не крыўдуй Залатую Рыбку.

— Гэта ўжо мая справа! — фанабэрыста адказала будучая «марская ўладычыца», уладкоўваючыся ў мяшку.

Воўк старанна завязаў мех і усцягнуў яго на сані. Потым развярнуў каня ў бок вёскі і тузануў за лейцы.

— Но-о! Вязі падарунак дзеду!

З меху пачулася:

— І ён будзе ў мяне на пасылках разам з Залатой Рабкай!

А Воўк пайшоў да лесу, каб знайсці Лісу і расказаць ёй, што яна памылілася, і што ён, аказваецца, не апошні дурань.

Конь жа, адчуўшы вольныя лейцы, не мінаў ніводнай гурбы ды ўхабіны. На адной ухабіне баба, седзячы скурчыўшыся ў мяху, не ўтрымалася і паспела толькі войкнуць, як скулілася на дарогу. Конь спудзіўся, лупянуў дадому і спыніўся толькі каля ганку.

Дзед падбег да саняў, а ў іх — ні бабы, ні Лісы. Зноў павярнуў ён каня і паехаў на пошукі жонкі і яе каўнера. Нарэшце ўбачыў на дарозе свой мех.

А праз дзірачку ў мяжу баба ўбачыла свайго дзеда. Паколькі, у адрозненні ад Лісы і Воўка, яна не прачытала за сваё жыццё ніводнай кніжкі, тым больш ніводнай казкі, нічога ў сваё апраўданне прыдумаць не змагла. Яна ўжо зразумела, што Воўк яе абдурыў, таму вырашыла маўчаць — будзь што будзе.

Дзед падыйшоў да меха і здзівіўся:

— Мех мой, а вось Ліса штосьці вельмі вырасла,— ён паторкаў у мех пугаўём і спытаў: — Гэта ты, Ліса?

Баба танюсенькім галаском адказала:

— Я! Гэта я!

Дзед з цяжкасцю ўсцягнуў мех на сані і ледзь аддыхаўся.

— Дома разбяруся... Але куды ж старая падзелася? Каўнер знайшоўся, а гаспадыні няма. Пэўна, пайшла ў суседнюю вёску, і малоціць там языком з бабамі. Во чортава насенне!

Прыцмокнуў дзед на коніка і паехаў дахаты. Развязаў ля ганку мех і ледзь не самлеў:

— Што за цуд? Як ты трапіла ў мех? Я ж у яго Лісу запіхнуў!

Баба пачала выкручвацца:

— А я і ёсць Ліса. Я з Лісы ператварылася ў тваю жонку.

— Што ты мне дурыш галаву! — раззлаваўся дзед.— Як гэта можа Ліса стаць жанчынай? Тым больш, маёй жонкай?!

Баба стаяла на сваім:

— Ты ж падумай, як я магла ўлезці ў мех і сама сябе завязаць? Кажу табе, што ў мінулым жыцці я была Лісой, а цяпер зрабілася тваёй жонкай.

Дзед стаяў у роспачы.

— Дык што мне загадаеш жыць з Лісой?

— Не з Лісой, а цяпер ужо, з законнай жонкай.

Дзед жахнуўся:

— А калі прыйдзе тая, другая?.. Куды яе дзець?

— Не хвалюйся, не прыйдзе. Яна наадварот, ператварылася ў Лісу і цяпер бегае недзе па лесе.

— Так ёй і трэба! — усклікнуў дзед.— Запілавала яна мяне... Спадзяюся, што характар у цябе больш лагодны.

Старая моўчкі ўсміхнулася. Дзед спахапіўся:

Ты ж толькі нікому не кажы, што ты Ліса — засмяюць мяне людзі, асабліва мужыкі.

— Жыві, як жыў,— супакоіла дзеда «новая жонка»,— гэта застанецца між намі.

Вечарам, парабіўшы ўсю работу, дзед уладкаваўся ля цёплай печы, узяў у рукі кніжку казак і прапанаваў бабе:

— Хочаш, я табе прачытаю вось гэту цікавую казачку пра Залатую Рыбку?

Баба падскочыла ледзь не да столі.

— Не хачу быць уладычыцай марскою... — і прыкусіла язык.

Дзед нічога не зразумеў, адклаў убок кніжку.

— Ну, не хочаш, дык не хочаш...

Баба падумала: «Лепш я буду ў вачах свайго мужа Лісой, чым апошняй дурніцай».



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.