epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Усё ў норме

Гасподзь уплёў мой лёс

у клуб дарог,

Шляхоў зямных

і незямных, магчыма,

Каб разабрацца я,

каб выблытацца мог,

Каб я ў жыццё глядзеў

душы вачыма.

 

Чым меней

Засталося мне ісці,

Тым болей і далей ісці хачу я.

Чым горш мой слых

мне служыць у жыцці,

Тым вытанчанней болей

сэрца чуе.

 

Мінулыя гады —

цяпер мой тыл,

Які праменіць шчыра

З маладосці.

Заўважыў я —

чым менш фізічных сіл,

Тым дух мацней

і больш здаровай злосці.

 

Разблытаў я

клубок дарог даўно,

Не заблудзіўся,

ў лабірынтах лёсу.

Жыццё і ўдачай

зорыла ў акно,

Й «фігураю» з трох пальцаў

Мне да носу.

 

Заблытаны й складаны

лёс быў мой,

Ўсё новае, што будзе,

ён прыгорне.

І сёння я —

на фінішнай прамой,

Дыханне,

Пульс

І ціск —

Усё у норме!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 9. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 420 с.