epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Усё з зямлі

— Галоўны скарб наш

на зямлі — зямля,

Ад першабытных продкаў,

ад пячоры.

На ёй мы пачыналі

жыць з нуля —

І сёння,

І учора,

І заўчора.

 

Усё жыццё аддаў я,

братка, ведам,

І многія таму

зайздросцяць мне...

Так філасофствуе

сусед перад суседам,

Другі ж сусед,

па-свойму праўду гне.

 

— Зямля багацце?

Можа, і багацце,

Але ж у свеце

іншага шмат ёсць.

Вунь колькі тэхнікі,

цудоўныя палацы,

А вёска наша —

ці ж не прыгажосць?

Калгас купіў

учора новы трактар,

Камбайны вырабляе

«Гомсельмаш» —

Тут «знаўца» усміхнуўся:

— Эх, аратар!

Не шмат заважыць

слоў тваіх багаж.

Тэорыя твая

ў хамут не ўлезе,

Няма сумненняў —

шмат мы набылі.

Але харчы,

Будыніны,

Жалеззе,

Усё, што на зямлі —

усё з зямлі.

 

«Аратар» не пярэчыў,

як ні дзіва:

— Ўсё, што сказаў ты,

згодай бласлаўлю.

Але лічу,

не ўсё тут справядліва —

Чаму, што ёсць — з зямлі,

а мы — ў зямлю?



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.