epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Успамінаў куфэрак

Іду па жыцці — па дарозе бясконцай,

Нібыта ў тумане плыву,

І бачу, як хутка да захаду сонца

Схіляе сваю галаву.

 

І бачу канец той «бясконцай» дарогі,

І дол, і бязлітасць яго,

І бачу, што ўшчэнт акрываўлены ногі,

І кроў цячэ з сэрца майго.

 

Хаду я сцішаю, іду ў задуменні

Па лёсе гаротным маім.

Я ногі нявечыў, збіваў аб каменні,

А сэрца скалечана кім?

 

Каб сэрца параніць патрэбна так мала

У шалёным жыццёвым віры.

Ёсць словы — як куля,

ёсць погляд — як джала,

І дзеянні — як кіпцюры.

 

Я рану-душу і ў браню не схаваю,

Хоць будзе браня ў даланю.

Чаму ж бестурботна сябе адчуваю?

Таму, што ўсё гэта — я сню.

 

Дык дзякуй жа Богу, што ўсё гэта сніцца,

Во жах! Я ж не кончыўся ледзь.

Аддыхацца можна цяпер, супыніцца,

Спачатку ўвесь сон паглядзець...

 

*

Прыемна і сэрцу, цікава і воку

Спаткацца з мінулым даўно,

Сачыць за сабой і жыццём сваім «збоку»,

Убачыць, якое яно.

 

З чаго ж пачынаецца гэтая драма?

Ва ўсіх і ў мяне — з аднаго:

Спявае ласкава, схіліўшыся, мама,

Прысеўшы да ложка майго:

 

Люлі-люлі-люлі,

Прыляцелі гулі,

Селі на варотах

У чырвоных ботах.

Сталі сакатаці —

А што гулям даці?

Даці, даці грэчкі,

Каб няслі яечкі.

Даці, даці бобу,

Каб няслі памногу.

Будзе яек кадка,

Спі, мае дзіцятка...

 

Я ведаю — ёсць больш складаныя творы,

Тут — іншая песні цана.

У самым страшэнным і жудасным горы

Над намі гучала яна.

 

Напевы матуляў не ведаюць межаў,

Надзея ў іх, боль і нуда.

Яны для дзяцей, як паветра, як ежа,

Нібыта жывая вада.

 

Святло непагаснае ў іх і пяшчота,

І крыўда ў іх сэрцайка ссе.

І слухае гора і голад-бяднота,

Куточкі абжыўшы усе.

 

Бярэ мяне мама павольна на рукі,

А ў поглядзе боль і любоў.

Уліваюцца ў сэрца маленькае гукі

Узнёслых і просценькіх слоў.

 

І суслу-анучку дае замест соскі,

З пажванай скарыначкай мне.

Ляціць калыханачка ў свет гэты Боскі —

Ці славіць яго, ці кляне?

 

— Здаровым расці і шчаслівым, дзіцятка,

Пакутны наш лёс абміні.—

Матуліна песня, як дзіва-зярнятка,

Пускае ў душы карані.

 

У кожнае сэрца зярнятка кладзецца,

Ці дасць яму Бог узысці?

Люляе матуля мяне, спадзяецца,

Што шчасце спаткаю ў жыцці.

 

Спявае матуля спагадна, пявуча,

Як сонейка, лашчыць цяплом.

І я засынаю, спавіты ў анучы,

Шчаслівым і казачным сном.

 

*

Дзяцінства...

Ты — кожнага лёсу світанак,

Ты — першы паветра глыток,

Ты — толькі ўваход у будынак, не ганак

Ты — рэчкі жыццёвай выток.

 

Дзяцінства маё!

Лёс табе слаў нястачу,

Зганяў з тваіх сцежак святло.

А я па табе, абяздоленым, плачу,

Вярніся такім, як было.

 

Вярніся нямытым, нячэсаным, горкім,

Галодным, халодным прыйдзі.

Цягні мяне лётаць па лесе, па ўзгорках,

Штурхай мяне, клікай, будзі.

 

А як летуценна было і цікава

Пад небам дзяцінства майго!

Нічога, што лёс сустракаў неласкава.

Што лёс! Ці было да яго?

 

Hі зернейка ў полі, у хаце пустэча,

Каці хоць шаром па стале.

Ды толькі дзяцінства ўсе гэтыя рэчы

Ўспрымала ў ружовым святле.

 

Раслі мы без розных прысмакаў, без хлеба,

Ды Бог так зрабіў нездарма:

Пра што мы не ведаем — тое не трэба,

Яго нібы ў свеце няма.

 

Для нас не было ні бялізны, ні мыла,

Hі цацак прыгожых, ні кніг.

Затое як сонейка дзецям свяціла,

Яно замяняла нам іх.

 

І цёплага ветрыку лёгкія хвалі,

І птушачкі, і матылькі

Былі нам сябрамі, і мы іх прымалі,

Як ласку нябачнай рукі.

 

Ад лета шалелі мы — не супярэчу,

І ўсё-такі — больш ад зімы.

Худым рызманом прыкрывалі галечу —

Штодня маглі коўзацца мы.

 

Ледзь сажалка толькі паспее накрыцца

Танюсенькім першым ільдом,

Гукае і кліча зіма-чараўніца:

— Э-гей! Пакідайце свой дом!

 

Мы беглі насустрач марознай пагодзе,

І кожны быць першым хацеў.

І я, як падсмалены, лётаў па лёдзе,

Бо ён прагінаўся, хрусцеў.

 

Ды толькі падводзілі спрытнасць, адвага,

Дало праваліцца і мне.

Тады ўжо «гуляла» бацькоўская дзяга

Па мокрай і голай спіне...

 

Аднойчы прыклалі мы ўсе намаганні,

Каб штуку ўпаліць сярод дня —

Успёрлі на горку вялізныя сані,

Ў якіх запрагаюць каня.

 

Сталейшыя селі і мы, падшыванцы,

Набілася — пальца не ўткнуць.

Як кажуць, галодныя і абарванцы

Рашылі хоць раз шыкануць,

 

Хто самы дасціпны — наперадзе селі,

Аглоблі трымаць, кіраваць.

І з той высачэзнай гары паляцелі

Ці з’ехаць, ці шыі зламаць.

 

І раптам ад страху мы ледзь не памёрлі,

А жах нашым крыкам спрыяў —

Бязмозглыя сані знянацку папёрлі

На дуб, што ў нізіне стаяў.

 

Наш крык, як шалёны, імчаўся за намі,

Ратунак шукаў, хто як мог.

Кулём выпадалі, скакалі зайцамі

І пырскалі ў снег, як гарох.

 

Мы ўсе паляцелі на снег праз імгненне,

Хто нос аблупіў, а хто пуп.

А сані — во злыдні, во д’ябла насенне! —

Без нас абмінулі той дуб...

 

Звычайная тo для дзяцінства праява,

У кожным дзяцінстве іх шмат.

Даруйце, калі ўжо каму нецікава

Чытаць, азірацца назад.

 

Чаму ж я куфэрак сваіх успамінаў

Для ўсіх адчыніў — на паказ?

Напэўна, таму, каб бясследна не згінуў

Складаны, гаротны той час

 

Галеча і голад — маленства зямляцтва,

Жахлівае рэха вайны.

А як не крануць ва ўспамінах юнацтва,

Што й сёння ружовіць мне сны?

 

Юнацтва — маланка! Яго ледзь убачыш,

Імклівы, няўрымслівы госць.

Здаля азірнешся і сэрцам адзначыш

Яго чысціню, прыгажосць.

 

У драме жыцця — найкароткая дзея,

Нібыта адзін толькі дзень.

Юнацтва — каханне, юнацтва — надзея,

Юнацтва — шчаслівы прамень.

 

Юнацтва за ўсё даражэйшае ў свеце,

Ды я да маленства «прырос».

Яшчэ і таму, што сучасныя дзеці

Прыдбалі Чарнобыльскі лёс.

 

І сёння на нашых прыціхлых абшарах

Дзіцячых магіл не злічыць.

Як быццам сам час ад Чарнобыльскай кары

Уцёк на клады адпачыць.

 

Шалёны шабаш свой спраўляе злачынства,

Лёс кожны кранае і дом.

З зачацця калечыцца сёння дзяцінства

Пад радыяцыйным крылом.

 

Прабач, чалавечак маленькі, сучасны,

Дажыўшага да сівізны,

Цяпер, праз паўвеку,

ты стаў больш няшчасны,

Чым мы тады — дзеці вайны.

 

Ад гэтага горка, і крыўдна, і сумна,

Як камень на сэрцы ляжыць...

Чаму ж так бязбожна, бяздушна, бяздумна,

Злачынна працягвалі жыць?

 

Прабач, чалавечак, малое дзіцятка

З хваробай у кволай крыві.

Для будучых дзетак сваіх, для нашчадкаў

Мацуйся, трымайся, жыві!

 

*

Бязмежней, бяздонней за ўсё —

успаміны,

Няўрымслівыя,

як дзіця...

Пачні свой раман

ці расповед «былінны» —

Ссівееш, не хопіць жыцця.

 

Каб кожны,

хто колісь у вечнасці згінуў,

І кожны,

хто сёння жыве,

Па кніжцы

сваіх успамінаў пакінуў,

Няхай бы —

хаця па главе.

 

Мы ведалі ўсё б

і пра ўсіх — да драбніцы,

Пайменна —

як дбалі, жылі.

Стаялі б са скарбам

духоўным паліцы

Вакол неабдымнай зямлі.

 

І кожны «ўспамінец» —

пісьменнік-аматар

Уславіў бы род свой і край.

Стварылі б з духоўнасці

новы экватар —

Бяры!

Ўзбагачайся!

Чытай!

1988


1988

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.