epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Успамінаў маіх далягляд

Схамянуся і сэрца кране

Успамінаў маіх далягляд...

О, як сохлі дзяўчаты па мне!

О, як я трапятаў ля дзяўчат!

 

І здаваўся бясконцым той час,

І ўяўлялася вечнай вясна,

Ды ніводзін не думае з нас,

Што за крок ад вясны — сівізна.

 

Што той час непаўторны міне,

Хутка знікне ружовасці дым...

І ніхто больш не сохне па мне,

Толькі я па сабе, маладым.

 

Ды, магчыма, праз той жа ўспамін

Хтосьці скрывіць бяззубы свой рот:

— Цалаваў, абяцаў, сукін сын,

Ажаніўся ж з другой, абармот!


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.