epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Успышкі на сонцы

У Сонейка, як і ў ва ўсіх, ёсць дзеці.

Ну, напрыклад, ёсць жа дзеці ў дрэў. Гэта — маленькія парасткі, якія з гадамі сталеюць і вырастаюць да ўзросту магутных дрэў. Ёсць дзеці і ў аблокаў — аблачынкі, а ў курыцы — жоўценькія кураняткі, у коткі — прыгожанькія кацяняткі — і гэты пералік можна доўжыць да бясконцасці.

Не кажучы ўжо пра людзей, у якіх самыя прыгожыя з усіх пералічаных і непералічаных дзяцей — свае маленькія хлопчыкі і дзяўчынкі.

І што вельмі цікава — усе дзеці любяць казкі, і ўсе дзеці не вельмі любяць слухацца дарослых.

Узяць хаця б парасткі. Сталыя дрэвы жадаюць, каб іх дзеці прарасталі як мага бліжэй да іх, а моладзь прагне «адбегчы» ад сваіх продкаў у самастойнае жыццё.

— Нам каля вас цесна, нам замінае ваша крона, нам не хапае сонейка і ўвогуле нам з вамі не цікава.

(Гэта ж трэба такое сказаць!)

Ці аблачынкі. Яны лёгкадумныя, лёгкаважныя, весела абганяюць сваіх, менш рухавых бацькоў, і імчаць навыперадкі да краю неба. А таго, што ў неба няма краёў, яны пакуль не ведаюць. Эх, блазнота...

А кураняткі? Яны жоўтым гуртком могуць бегчы за матыльком, забыўшыся на маму, хоць на край зямлі. І яны, як і аблачынкі, не ведаюць, што ў зямлі няма краю.

А ўжо чарвячок іх нібы гіпнатызуе. Мама ім крычыць, што каршун у небе, а яны абступяць чарвячка і дзівяцца, пакуль мама іх не зграбе пад ратавальнае крыло.

Пра кацяняткава непаслухменства можна распавядаць ад раніцы да вечара, бо ад раніцы да вечара яны вытвараюць такое, што ў беднай маці і горла асіпне, і галава разбаліцца, а яе дзеткі выдумляюць ўсё новыя і новыя штукарствы.

Тое, што яны спрабуюць злавіць свае хвосцікі ці робяць «куча мала», сплятаюцца ў адзін клубок — не бяда. А вось, калі яны, гуляючы ў даганялкі, заскокваюць на дрэва, адкуль самастойна не могуць злезці, іх маме вельмі не падабаецца. Не падабаецца котцы, калі хтосьці з яе неслухаў баўтанецца ў карыта з вадой, якое пастаўлена не для купання кацянят, а для піцця карове. Тады бедная маці, якая зусім не любіць вады, вымушана лезці ў карыта і за карак выцягваць няўрымсліка. А яшчэ кацяняткі, бывае, крадуцца да жоўценькіх куранятак, гуляючы ў паляўнічых, тады мама-курыца балюча дзеўбане ў носік пушысціку.

— Вой, вой, як баліць! — кідаецца да мамы-коткі пацярпелы балаўнічок.

— А я цябе папярэджвала: не лезь! — ласкава супакойвае сваё дзіця маці, залізваючы яму напухлы носік.

У людзей адбываецца прыкладна тое ж. Дарослыя забараняюць сваім дзецям гуляць з запалкамі, каб тыя не нарабілі пажару, а пажары па віне дзяцей нярэдка здараюцца.

Бацькі не дазваляюць сваім малым дзецям без нагляду дарослых купацца ў рэчцы ці возеры, а дзеці, нягледзячы на забароны, часцяком трапляюць у бяду, як тое кацяня ў карыта з вадой.

А што адбываецца за сталом падчас снедання ці абеду? Просіць маці дзіця з’есці кашу з катлетай, а маленькі неслух-хітрун, каб самому не есці, непрыкметна скідае катлету пад стол кату.

Дзеці, якія не слухаюцца сваіх бацькоў, дарослых людзей, як правіла, марудна растуць, дрэнна вучацца і потым няўтульна адчуваюць сябе ў жыцці...

Але мы крыху адхіліліся ад Сонейка, у якога таксама ёсць свае дзеці. Сонейкавы дзеці — гэта промні, якія бываюць пякучыя, ласкавыя, альбо даволі абыякавыя — свецяць, але не грэюць.

Промняў вельмі многа і ўсе яны рознага ўзросту. Ужо сталыя і адукаваныя промні — кожную раніцу ляцяць да нашай зямлі, каб абвясціць, што дзень пачынаецца, што дарослым пара на работу, дзецям — у садок ці школу, а старым людзям — можна выходзіць на двор і прымаць сонечныя ванны.

З першымі промнямі раскрываюць свае пялёсткі краскі, пачынаюць рупіцца пчолкі, прачынаюцца бесклапотныя матылькі, ажываюць пасля ночы мурашнікі — жыццё віруе ва ўсіх сваіх праявах.

Але ёсць яшчэ зусім маладыя промні, якія ў сонечных школах набываюць неабходныя веды.

І нарэшце, вялікая ўцеха для Сонца — яго маленькія промнікі-дзеткі.

Яны, безумоўна, уцеха, але і галаўны боль Сонца, бо непаседлівыя, непрадказальныя і, галоўнае, непаслухмяныя. Яны ўвесь час імкнуцца ў бязмежную прастору сусвету, але Сонца ведае, што там вельмі лёгка заблудзіцца, таму трымае малечу ля сябе.

Але вось бяда — на Сонцы ёсць свае сонечныя запалкі, з якімі промнікам не дазваляюць ладзіць гулі. Тыя запалкі вельмі небяспечныя, і небяспечныя яны не для самога Сонца і яго дзяцей, а для ўсяго жывога ў сусвеце. І, у першую чаргу,— для жыхароў Зямлі.

Калі маленькія промнікі нейкім чынам абыходзяць забароны і ўсё ж пачынаюць паліць запалкі, людзі адзначаюць тады на Сонцы сонечныя ўспышкі. Успышкі калі-нікалі бываюць вельмі моцнымі, гэта значыць, што промнікі-шалянцы спалілі адразу цэлы карабок запалак. Такая ўспышка нясе да Зямлі ўзмоцненую сонечную радыяцыю, якую яшчэ называюць сонечным ветрам. Моцныя ўспышкі на Сонцы вельмі небяспечныя для людзей.

Вось вам і дзеткі-промнікі, якія дурэюць за мільёны кіламетраў ад нас.

І ўсё ж мы заўсёды рады Сонейку, яго ласкавым дарослым промням, без якіх не было б жыцця на Зямлі.

А маленькія промнікі-неслухі хутка вырастуць і ўжо, як і дарослыя промні, прыляцяць некалі да нас, каб абвясціць пра надыход новага дня.

Добрай раніцы ўсім!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.