epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Утопія

Ці бачыў хто, як птушка памірае?

Ці чуў хоць хто, як рыбіна крычыць?

Відаць, за тое Бог людзей карае,

Што сэрца да чужой бяды маўчыць.

 

І скажуць мне: — Па кім ты ставіш свечкі?

Па птушцы? Па кузурцы? Смешна чуць!

Зірні вакол — не ручаі, а рэчкі

Людской крыві па ўсёй зямлі цякуць.

 

І, сапраўды, мой прыклад нетыпічны,

Гудзе планета наша ад падзей —

Тэрарыстычна ці «дэмакратычна»,

А людзі нішчаць гэткіх жа людзей.

 

Адкуль такое ў нас? Што з намі стала?

Заснула сэрца на дабро і зло:

— Адзін забіты? Дзесяць? Гэта мала!

А-а, там забілі сто — куды ні йшло!

 

Здзічэлы час бярэ людзей на мушку.

Вунь, новая людской крыві рака —

Хто ў гэтай бойні пашкадуе птушку?

Заўважыць хто кузурку, матылька?

 

І толькі там, дзе светам будзе правіць

Не грошы з нафтай, а да ўсіх любоў,

Жыццё жыцця ніколі не пазбавіць,

Не будзе ліцца бессэнсоўна кроў.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.