epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Утульнасць

Я ў неба зорнае гляджу —

ў таемнасць гэту,

І адчуваю еднасць з невядомым,

Дзе зорка кожная,

нібы акно сусвету,

А за акном за кожным —

хтосьці дома.

 

І мне здаецца —

нехта назірае

Адтуль за мной —

ўзаемна і удзячна.

І хатка на Зямлі,

мая старая,

З запаленым акном

камусьці бачна.

 

І мне ад думкі гэтае утульна —

Ў бязмежнасці я ў цэнтры,

а не з краю.

Сусвет вялікі —

дзіўны дом агульны.

Я зоркам ветліва

рукой махаю.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 9. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 420 с.