epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Уваход і выхад

Вельмі проста ў жыццё

Увайсці немаўляці —

Дзе ён?

Хто ён?

Адкуль?

Спазнае пакрысе.

Як на крылах Анёл,

На руках яго маці,

З дня у дзень,

Ахінутага ласкай нясе...

 

Вось ужо чалавек —

Паважанага веку,

Адлістала жыццё,

Як старонкі, гады.

Як жа выйсці няпроста

З жыцця чалавеку,

Бог прымае яго без праблем

Не заўжды.

 

То хваробы,

То лёс састарэлы складаны,

А фізічных нямогласцяў

Шмат у старых

Асабліва лютуюць

Душэўныя раны

І памылкі былога,

Не зменіш якіх.

 

І благія учынкі

На сэрцы, як путы,

Нібы брудныя плямы

На ўласным жыцці.

Век пражыў чалавек,

І — пакуты, пакуты,

Праз якія не хочаш,

Ды мусіш ісці.

 

Хоць жылося не блага

І сэрцам не стынеш,

Мы святкуем душой

І нярэдка крычым.

Як бы доўга ні жыў,

Непазбежна на фініш

Мы прыходзім заўжды заклапочана —

З чым?



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.