epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Узаемасповедзь

«Звер бяжыць на лаўца» —

Кожны гэта чытаў...

Я святога айца

Неўспадзеўкі спаткаў.

 

— Не спяшайся! Пастой! —

Чую ад святара.

— Век зжываеш, сын мой,

Спавядацца пара!

 

Раскажы, сын-агнец,

Ўсё мне шчыра, прашу.—

Я, як просіць айцец,

Раскрываю душу:

 

— Шмат грахоў у мяне.

— А ў каго іх няма?

— Я, амаль што «на дне»...

— Дно — яшчэ не турма.

 

— Я ахвочы да баб.

— Мы ахвочыя ўсе.

— Да гарэлкі я слаб.

— П’ю і я пакрысе.

 

— Я, бывае, краду

Ўсё, што дрэнна ляжыць.

— Сын! Знайшоў ты бяду!

Не сапрэш — як пражыць?!

 

— Мой брыдоча-язык

Мацюкамі аброс.

— Ты — сапраўдны мужык,

А не малакасос.

 

— Я, як вып’ю праз край,

Жонцы ўсяплю — ого!

— Ды ўбаіцца няхай

Жонка мужа свайго!

 

— Я наўмысна зманю

Не адзін раз на дні.

— Я цябе не віню —

Як пражыць без хлусні?

 

— Што з уладай рабіць?

Ёй якая цана?

— Трэба ўладу любіць,

Вышэй Бога яна.

 

— Я ж ні дня не пасціў,

Хоць кладзіся, ўмірай.

— Я грахі адпусціў,

Пападзеш ты у рай...

* * *

Я працягваю жыць,

Чысты, як немаўля.

Пачынаю грашыць

Я з пачатку, з нуля.

 

І не ўцям праз гады

Мне, хоць трэсні у лоб:

Спавядаўся тады

Грэшны я, альбо поп?


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.