epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Узаемныя парады

— Чаму, сусед, твой сад штогод

Багаты — аж трашчаць сукі?

З чаго такі урод-прыплод?

Як кажуць, еш за дзве шчакі.

 

А мой садок праз плот — бы спіць,

Вясной цвіце, а ўвосень — пшык...

Сусед сваім адказам кпіць:

— Ты сам у шапку спаць прывык.

 

Вазьмі ў святочны дзень «Пахом»

Сякеру й пагражай садку;

Ўлупі па дрэвах абухом:

«Не будзеце пладзіць — ссяку!»

 

І сад твой накладзе ў штаны,

Будзе пладзіць увесь твой век.

І я рабіў так — без маны,

Адну, для страху іншым — ссек.

 

Усёк?

— Усёк! А я, партач

Карміў іх гноем задарма...

— Цяпер, браток, ты́ растлумач,

Чаму ў цябе жукоў няма?

 

— Пра каларадскіх ты жукоў?

— Пра гэта, братка, гадаўё.

Яны бульбоўнік да шматкоў

Ушчэнт знішчаюць, ё-маё...

 

Вось у цябе бульбоўнік — лес,

І не жучка нідзе — ні-ні!

— Я ў іх нутро мазгамі ўлез

Даўно — цяпер вось на кані.

 

— Мазгамі ўлез?.. Не ўцяміў я...

Ты, братка, кінуўся ў ману?

— Не! Ты крані у гадаўя

Нацыянальную струну.

 

Пастаў ты з краю баразён

Лавушку з музыкаю ім.

Затым ўключы магнітафон —

Зайграй амерыканскі гімн.

 

Ты так дасі жукам пад дых,

Бо настальгія — гэта жуць.

Патрыятызм прачнецца ў іх

І самі ў пастку запаўзуць...

 

Так і зрабіў — адзін, другі:

За ураджай!

Супраць жука!

Для кемлівасці — і мазгі,

І ад праблем — адна луска.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.