epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Узнагароды

Унук, якому ўжо

другі гадок,

Ля дзеда завіхаўся заліхвацкі.

— Ты растлумач мне,

дарагі дзядок,

Што гэта на грудзях

тваіх за цацкі?

 

Стары крануў

рукою медалі

З заслужанай пашанай,

як заўсёды,

Узяў на рукі

хлопчыка з зямлі.

— Дык гэта, ўнучак мой,

Узнагароды!

 

Медаль вось гэты —

за дзіцячы лёс,

Каб кожны нараджаўся

вольным птахам,

Каб кожны з вас

Пад мірным небам рос,

Не ведаючы

ні вайны, ні жахаў.

 

А гэты вось медаль —

за родны кут,

Які ў вайну гарэў,

стагнаў ад болю,

Медаль за тое,

каб ізноўку тут

Захопнік-злыдзень

не ступаў ніколі.

А гэты вось медаль

і два другіх —

За баявыя страты і нягоды,

Каб чалавецтва

памятала тых,

Хто на вайне

застаўся назаўсёды.

 

А гэта, ўнучак.

ордэны — яны

Ўслаўляюць нашу

ратную дарогу,

Як ўсяго свету

дочкі і сыны

Услаўляюць дзень Вялікай Перамогі.

 

І хоць не ўсё

«дайшло» да хлапчука,

Расповед дзеда

выслухаў з увагай,

І ўзнагароды ўнукава рука

Кранула па-даросламу —

З павагай.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.