epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Узнагароды наўздагон

Узнагароджваць

Трэба маладых —

Таленавітых па жыцці,

Рухавых.

Узнагарода

І апошні ўдых

У адзін дзень —

дакор табе, дзяржава.

 

А ён ішоў да мэтаў

Напралом,

Пакінуў за сабой

гадоў алею.

Ён Гулівер у творчасці,

не гном.

Ах так!

Табе медальку ці дыплом

Чыноўнікі дадуць

Да юбілею.

 

Ці пакладуць

Запознена ў труну —

Прабач,

У іх нарады і фуршэты.

Пасада

Не залічыць ім віну,

Тым болей, што

Пакінуў свет ты гэты.

 

Ах, што за чалавек

Быў сярод нас! —

Ва ўсе часы

Кусаюць локці жалю.

А потым і другіх

Праз пэўны час

Жалобна

Наздагон успаміналі,

І у труну

Узнагароды клалі.

 

Узнагароды

І апошні ўдых —

Чыноўніцтва

І матухна прырода.

Узнагароды...

Хто прыдумаў іх?

Ці ж талент Божы —

Не узнагарода?



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.