epub
 
Падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Вайна забівае нявінных

Нягледзячы на страх, выкліканы прароцкімі прадказаннямі Настрадамуса аб нейкай катастрофе сусветнага маштабу, чалавецтва без вялікіх патрасенняў пераступіла праз парог трэцяга тысячагоддзя. І не толькі пераступіла, але й пражыло ў новым тысячагоддзі ажно цэлых пяць год. І ў слове «ажно» няма ніякай іроніі, бо для таго, каб загінуць усяму жывому на Зямлі, патрэбны нават не гады, не дні, а гадзіны.

Вось чаму свядомая частка чалавецтва, цвяроза ацэньваючы стан сучасных узаемаадносінаў паміж дзяржавамі, палітычную амбіцыёзнасць некаторых з іх і ўзровень узбраення, радавалася кожнаму ўсходу сонца і ўкладала ў словы «спакойнай ночы» асобы сэнс.

Але што такое чалавецтва? Паняцце гэта даволі абстрактнае, якое абагульняе ўсіх людзей у нешта ледзь не містычнае, цяжкадаступнае і малаэфектыўнае ў барацьбе з такім пачварным злом, як самазнішчэнне - вайна.

Колькі разоў гісторыя паказвала чалавецтву, што яно - сляпое і бездапаможнае немаўлятка ў руках палітыканаў, авантурыстаў, прайдзісветаў. А тая частка чалавецтва, якая лічыла, што вырасла з паўзункоў немаўляткі, уяўляла з сябе мяккую гліну пад магутнымі патокамі дэзінфармацыі, прапаганды, адкрытай ідэалагічнай ілжы, якую тыя ж авантурысты і прайдзісветы шчодра ліюць на галовы чалавецтва, і гэтая «гліна», непрыкметна для сябе, паслухмяна дэфармуецца і набывае патрэбныя палітыканам формы.

Працяглы мір і трывалы дабрабыт прытупляюць пільнасць чалавецтва, і яно, адаспанае ў мірным ложку і ад'етае за тлустым сталом, праяўляе не трывогу, не страх, а дзіцячую зацікаўленасць да кожнай новай «гарачай» кропкі на зямлі. З вуснаў чалавецтва гатова сарвацца адвечнае прагнае слова: «Відовішчаў!» - пры гэтым яно забываецца на тое, што ў першую чаргу вайна забівае нявінных - само чалавецтва.

І што самае небяспечнае - чалавецтва, ходзячы па касцях папярэдняга чалавецтва, не разумнее. «Гліна» паслухмяна мяняе формы - балем правяць адзінкі.

 

* * *

 

Тыя кропкі, якія завуцца «гарачымі», узнікаюць ці «гарачэюць» не самі па сабе, за імі - нечая зацікаўленасць, унутраная альбо знешняя. І хоць кажуць: дзе два, там трэці лішні - часцей за ўсё раздзімае агонь гарачых кропак менавіта трэці.

Тайныя змовы, цкаванне спадцішка, падкармліванне грашыма і забеспячэнне зброяй, абяцанкі і пагрозы, шантаж і прамое ўмяшанне ў справы - вось далёка не ўсе вугельчыкі таго жару, які і робіць кропку гарачай.

Галоўным вугельчыкам гэтай «апошняй» «гарачай» кропкі, як напачатку сцвярджалі эксперты-палітолагі, было неаднойчы праверанае цкаванне спадцішка. Тут, у цэнтры Эўропы, у невялічкай краіне, сутыкнуліся ўнутраныя нацыянальна-рэлігійныя амбіцыі. Асабліва на рэлігійнай глебе адно вірусаслова, кінутае спадцішка «трэцім», здольна выліцца рэкамі крыві як з аднаго, так і з другога боку. Трэці, як правіла, выходзіць з вады (з крыві) сухім.

Афіцыйна ж той трэці выказваў незадаволенасць кіруючым рэжымам сярэднеэўрапейскай краіны, дзе, з яго слоў, правіў не закон, а дыктат, дзе чалавечая годнасць была раздушана крывавай падэшвай сярэднявечча.

І ўсё ж не першае і не другое прымусіла «трэцяга» пайсці на рызыкоўны крок, растаптаўшы цяпер ужо дэмакратычнай падэшвай многія людскія лёсы, пацвердзіўшы адвечнае: «Вайна забівае нявінных».

Галоўнай смакатой, якая казытала палітычную ненажэрнасць «трэцяга», - была прага пашырэння палітычнага ціску на ўвесь свет, хаця і без таго пад гэтым ціскам задыхаліся многія краіны, у тым ліку і саюзнікі ненажэрнага.

Былі і іншыя далёка забягаючыя планы, якія ніколі не пакідалі гарачыя галовы, пераходзячы, нібы гены, ад пакалення да пакалення.

 

* * *

 

Нешта падобнае адбывалася ў канцы другога тысячагоддзя. Тады краіны, якія лічылі сябе дэмакратычнымі, бамбілі, як яны называлі яго, чалавеканенавісны рэжым. Рэжым, як вядома, не разбамбілі, а вось многія, ні ў чым не вінаватыя людзі, злеглі заўчасна ў зямлю. А тыя, хто засталіся жывымі, сядзелі на клунках і папялішчах сваіх дамоў, побач з магіламі родных і блізкіх.

Аказваецца, і дэмакратычныя бамбёжкі нясуць простым людзям гора і разруху. Відаць, косці продкаў, па якіх ходзіць чалавецтва, павінны шматслаёва вырасці, каб аднойчы, з гэтай жахлівая вышыні, апошні жыхар Зямлі здолеў акінуць вокам увесь доўгі і крывавы шлях сваіх папярэднікаў...

- Нешта падобнае адбывалася ў тысяча дзевяцьсот дзевяноста дзевятым годзе, - такімі словамі пачаў нараду кіраўнік ваеннага ведамства самай магутнай капіталістычнай дзяржавы.

Абвёўшы поглядам прысутных, сваіх саюзнікаў па ваеннаму блоку, працягваў:

- Тады мы паказалі ўсяму свету, што наша моц і наша зброя - галоўны аргумент, супраць якога астатняе - дэмагогія!

Усе ўважліва слухалі.

- Сёння, - працягваў прамоўца, - новы час і новыя задачы. Урокі мінулага - яшчэ адзін наш саюзнік. Таму, як лічыць Прэзідэнт маёй дзяржавы, для правядзення больш паспяховай ваеннай акцыі супраць антыдэмакратычнага рэжыму, мы павінны адначасова з паветранымі ўдарамі пачаць і наземную аперацыю.

Усталявалася доўгая і марудная цішыня. Ніхто нават не варухнуўся.

- Гэта што, згода?.. Ваша маўчанне - згода?! - перапытаў выступаючы.

Слова ўзяў кіраўнік ваеннага ведамства Францыі Клод Жуан:

- Сваё асабістае маўчанне я тлумачу поўнай нечаканасцю прапановы, адсутнасцю маіх паўнамоцтваў для рашэння такога пытання і, неафіцыйна, чыста па-чалавечы, сваёй нязгодай на правядзенне наземных ваенных дзеянняў... Сэр, я не толькі генерал, я - яшчэ і бацька і на праблему гляджу з пазіцыі бацькоў, якія хочуць бачыць сваіх дзяцей жывымі. Цана, якую мы...

- Ну, ну, ну! - прыміральным тонам занукаў вядучы нарады. - Ну не трэба лірычных мелодый! Гэта ж толькі першая нарада, на якой канцэптуальна вырашым, як казаў Гамлет: быць ці не быць? Ніякіх дэталяў, ніякіх бацькоўскіх пачуццяў... А калі ўжо закранаць гэтыя пачуцці, магу строга канфідэнцыяльна давесці да вашага ведама, што наш Прэзідэнт у выпадку пачатку наземных дзеянняў, каб паказаць дэмакратычнасць нашага ладу і роўнасць усіх перад законам, пашле і свайго адзінага сына разам з іншымі амерыканскімі салдатамі абараняць дэмакратыю і свабоду.

Гэта навіна была не менш нечаканай, чым аб'ява аб падрыхтоўцы шырокамаштабнай паветранай і наземнай аперацыі ўсярэдзіне Эўропы супраць суверэннай дзяржавы.

Прысутныя разумелі, што іх згода ці нязгода - толькі гульня ў дэмакратыю. Усё будзе вырашана (ці ўжо вырашана) на самым высокім узроўні. Яны, ваенныя, - толькі выканаўцы волі сваіх кіраўнікоў...

З усіх выступаючых на гэтай нарадзе, якія дыпламатычна заявілі, што, калі паступіць загад, яны яго выканаюць, можна адзначыць ангельскага генерала Тэрнера. Вось яго заключныя словы:

- Я хоць сёння гатовы паставіць на марш любую колькасць узброеных і высокападрыхтаваных вайскоўцаў!

На што старшынствуючы адказаў:

- Старая добрая Ангельшчына ніколі не выклікала ў нас сумненняў...

 

* * *

 

Зямны шар - наш агульны дом? Гэта так. Але каб гэты «агульны дом», адкінуўшы сцены і перагародкі, сціснуўся да памераў агульнага пакоя, у якім адначасова можна было б чуць усе галасы, тады б...

Тады б дарослыя спынялі свару, бо побач дзеці - іхнія дзеці ссалі матуліны грудзі, малявалі сонца, распачыналі гульні і спявалі першую ў сваім жыцці песню. А хіба ж можна абрываць дзіцячую песню? А ці ж дазволіў бы сабе самы жорсткі дарослы спужаць сваім крыкам немаўля?

А ці ж не апусціўся б кулак, падняты на суседа па агульным пакоі, калі б уладальнік кулака ўбачыў, што дачка суседа вырасла з дзяўчынкі ў нявесту і прымярае падвянечную сукенку?

Ці ж не памірыліся б дарослыя задзіры, убачыўшы ў пакойчыку вакол сябе хворых, галодных?

Няўжо ж не змякчылася б сэрца таго, хто задумаў забойства ці бойку, каб ён «адкрыў вочы» і заўважыў, што сваімі дзеяннямі пашкодзіць або зусім знішчыць унікальныя каштоўнасці, створаныя талентам і геніем жыхароў гэтага пакойчыка за многія папярэднія вякі?

О-о, як бы прыцішыліся сварлівыя галасы, як бы памякчэлі счарсцвелыя сэрцы, як бы пацяплелі халодныя погляды ва ўсіх!

 

* * *

 

- Прывітанне Франсуа!

- О, спадар Прэзідэнт! Рады чуць Вас, і маё Вам шанаванне!

- Дзякуй за добрыя словы, Франсуа, але адкінем афіцыёз і гэта «спадар Прэзідэнт». Мы, як я разумею, сябры. Называй мяне проста Джонам...

- Згодзен, гасп... Згодзен, Джон!

- Я, у сваю чаргу, рады, што росквіт французскай нацыі не адстае ад амерыканскага эканамічнага ўзроўню! Гэта прыемна!

- Дзякуй, Джон! Мы пільна сочым за шматбаковымі эканамічнымі вятрамі і плынямі і своечасова мяняем ветразі.

- Але ж ты ведаеш, Франсуа, што ёсць і падводныя плыні, ад якіх не ўратуюць ніякія ветразі...

Наступіла доўгая паўза. Здавалася, што тэлефонную размову паміж прэзідэнтамі Амерыкі і Францыі хтосьці раз'яднаў.

- Спадзяюся, што ты памятаеш, Франсуа, - зноў пачуўся голас з-за акіяна, - як на апошнім форуме самых уплывовых эканамічных дзяржаў свету кожны сквапна цягнуў, як сказалі б расейцы, сетку з залатой рыбкай да сябе?

- Так, так, Джон, памятаю!

- А ты памятаеш, што менавіта амерыканскі бок мякка, але настойліва падзьмуў у вашы, як ты сказаў, ветразі?

- Як жа! Памятаю! За гэта вам... табе, Джон, падзяка французскага народа!

- Прыемна чуць, што не забыўся, але мне трэба падзяка не французскага народа, а твая, Франсуа. Твая!

- Дык і я...

- Скажы, Франсуа, ці не тваю думку выказваў на апошняй нарадзе ваенных міністраў Клод Жуан?

Французскі Прэзідэнт, крыху падумаўшы, адказаў:

- Гэта пытанне адной думкай не ахопіш... Шматлікія ўнутраныя і знешнія аспекты гэтай праблемы вымагаюць і шматбаковага, дэталёвага іх вывучэння.

- Напрыклад? - пачулася з-за акіяна.

- Напрыклад, Расея як адзін са знешніх аспектаў. Мы гаворым аб партнёрстве, а цішком ад партнёраў рыхтуем буйную ваенную акцыю...

- Расея праглыне, як праглынула ў 1999 годзе...

Цяпер перабіў гаворку французскі Прэзідэнт:

- Тады Расеі было лягчэй перад усім светам рабіць выгляд пакрыўджанай, бо прадпрымаліся шматбаковыя дыпламатычныя намаганні, у тым ліку і з боку Расеі...

- Сёння Расея, - перахапіў гаворку гаспадар Белага дома, - слабая як ніколі, а мы, наадварот, - магутныя як ніколі! Ці ж можа быць дыпламатыя з дзяржавай, якая не далёка адышла ад той, супраць якой мы выступім усёй кааліцыяй? І выступім хутка!

- Спадар Прэзідэнт! - французскі субяседнік непрыкметна перайшоў на «афіцыёз». - Вы ведаеце, што ў Расеі да ўлады прыйшоў амбіцыёзны і сумнавядомы...

- Ведаю! Ведаю, што ты маеш на ўвазе яго ўлюбёнасць у ядзерную кнопку. Ведаю і тое, што да крайнасці не дойдзе, бо мы і нашы саюзнікі, уключаючы і Францыю, надзейна закрытыя супрацьядзернымі парасонамі, а ў іх над галавой дзіркі. Калі ўжо ты, Франсуа, закрануў расейцаў, скажу зноў жа іх словамі: «Куды мосьцы супраць слана!»

- Спадар Прэзідэнт, у выпадку наземнай аперацыі будуць шматлікія ахвяры з нашага боку, і тады...

- Дарагі Франсуа! Эксперты прагназуюць праз дваццаць год глабальны энергетычны крызіс. Выжыць павінен дужэйшы! Але не чакаць жа дваццаць год, пакуль хтосьці таксама падужэе, а думаць пра гэта ўжо сёння. А ты гаворыш пра нейкія там ахвяры! Заўтра іх будзе болей, чым сёння... Бачыш, дарагі Франсуа, шматбаковая праблема мае не так ужо і многа бакоў.

Французскі Прэзідэнт нічога не адказаў.

- Вось і добра, Франсуа, дзякуй за падтрымку! І свежага паветра ў ветразі вашага дабрабыту!..

Такім чынам, адрынуўшы самую думку аб мірных перамовах і адсунуўшы дыпламатыю на апошні план, альянс усё ж пачаў паўнамаштабную ваенную акцыю супраць «сярэднявечча».

Пасля паветраных ракетна-бомбавых удараў па ўсіх жыццёваважных аб'ектах, уключаючы і мірныя, так званыя эканамічна значныя, на тэрыторыю суверэннай дзяржавы з усіх бакоў папаўзлі танкі і іншая тэхніка, за якімі спяшалася матарызаваная пяхота.

Гэта быў пачатак вялікай бяды, якая стукалася ў кожны дом і кожны лёс...

У гэты час чалавецтва ела і спала, смяялася і сумавала, пела і марыла, пісала кніжкі і глядзела ўзоры высокай моды, нараджала дзяцей і прымала Нобелеўскія прэміі ў розных галінах, у тым ліку і за захаванне міру на зямлі.

 

* * *

 

Дзіцячы сад быў вынесены на ўскрай невялікага гарадка. Яго двухпавярховы будынак «прыляпіўся» на беразе рачулкі, гарманічна ўпісаўшыся рознакаляровым фасадам у маляўнічасць краявіду.

Дзіцячыя галасы таксама не перашкаджалі птушынаму шматгалоссю, а наадварот, падкрэслівалі ўзаемазвязанасць усяго жывога на зямлі.

У гэтым невялічкім горадзе даволі мірна суіснавалі людзі розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў. Сказаць, што яны былі сябрамі і гасцявалі адзін у другога - дык не, але і варожасці не было.

Праўда, падтрымлівала напружаныя адносіны між імі агульнадзяржаўная атмасфера рэлігійнай розні і непрымірымая пазіцыя цэнтральнай улады да правоў кожнай нацыянальнасці на свой погляд і сваю веру.

Штучна, шляхам правакацый і нават забойстваў на рэлігійнай глебе ў краіне раздзімаліся вугельчыкі варожасці, якія смылелі не адзін год.

Дзеці ж у згаданым садку адносіліся да той часткі чалавецтва, якая даўно павінна была б стаць мадэллю, узорам узаемаадносінаў для астатніх жыхароў зямлі, бо дзецям невядомыя пакуль варожасць, нянавісць, палітыканская ненажэрнасць.

Нават нацыянальнасць і розныя мовы не рознілі дзяцей. Жывучы побач, дзеці, як і дарослыя, ведалі ў асноўным і мову сваіх шматвекавых суседзяў.

Гэта быў ці не адзіны «змешаны» дзіцячы сад у горадзе, бо, як правіла, дзіцячыя ўстановы і школы прытрымліваліся этнічных і рэлігійных канонаў.

Але гэта дзіцячая змешанасць не перашкаджала ім жыць пад адным дахам, ладзіць гульні на агульнай тэрыторыі садка і шчасліва, як толькі могуць дзеці, смяяцца.

Выхавацелькі дзяцей, Слабаміра і Зарана, рабілі ў гэтым садку даўно, і праз іх рукі, а дакладней праз іх сэрцы, прайшло шмат дзяцей, якія вынеслі адсюль у сваіх душах чалавекалюбства і ўзаемапавагу.

Маладзейшыя выхавацелькі, гледзячы на сваіх вопытных калег, прытрымліваліся цярпімасці і павагі да гісторыі іншых народаў, іх культуры і веры.

Сёння, як і заўсёды, Слабаміра ўладкавала на пасляабедзенны адпачынак сваю групу, якая налічвала васемнаццаць чатырох- і пяцігадовых хлопчыкаў і дзяўчынак. Усяго ж у дзіцячым садзе было дзевяць такіх груп. Акрамя выхавацелькі ў кожнай групе была няня, якая адказвала за чысціню памяшкання, змену пасцельнай бялізны і іншыя бытавыя пытанні. У час сну нянечка сачыла за адпачынкам дзяцей, а выхавацелька магла тым часам перадыхнуць і заняцца падрыхтоўкай будучых дзіцячых гульняў ці нейкімі сваімі справамі.

Перадаўшы паўнамоцтвы нянечцы, Слабаміра выйшла на двор і села ў цяні на лаўку. Дзень выдаўся сонечны, спякотны, і нават у цяні адчувалася гарачыня.

У памяшканні было значна лягчэй пераносіць спякоту, бо кандыцыянеры ўтрымлівалі тэмпературу паветра на зададзеным узроўні.

Закрыўшы кніжку, якая ніяк не паддавалася чытанню, жанчына ўстала і хацела пайсці ў пакоі, але на ганак выйшла Зарана і прапанавала:

- А ці не скупацца нам?..

Рэчка была ў пяці хвілінах хады ад садка, таму Слабаміра без ваганняў адказала:

- Згода! Толькі ручнік вазьму і - ў ваду!

- Які ручнік такой спякотай! - усклікнула Зарана.

- Ну ладна, сонца высушыць. ІІайшлі! - і дзве маладыя жанчыны праз некалькі хвілін аддалі гарачыню сваіх целаў студзёнай пяшчоце ракі.

Асвяжыўшыся, жанчыны выйшлі на бераг, падставіўшы твары, цяпер ужо, як падалося, не такому спякотнаму сонцу.

Раптоўна пад нагамі жанчын уздрыгнула зямля. Потым яшчэ раз... і яшчэ...

Жанчыны трывожна пераглянуліся.

- Няўжо землятрус?..

- Тут? У нас?..

Зямля зноў уздрыгнула. На гэты раз жанчынам падалося, што яна застагнала... штосьці загуло...

Уздрыгванне зямлі працягвалася.

- Землятрус! - амаль у адзін голас закрычалі жанчыны. - Дзеці! Дзяцей з памяшкання! Бяго...

Але не паспелі яны зрабіць і аднаго кроку, каб бегчы ратаваць дзяцей ад землятрусу, як штосьці вогненнае, ярчэй за спякотнае сонца, абрынулася на двухпавярховы будынак садка, разадрала яго на бясформенныя глыбы цэглы і бетону, шуганула гэту мешаніну высока над зямлёй і кінула ў пашчу чорнага дыму і крывава-чырвонага агню.

Аглушаныя жанчыны не пачулі страшэннай сілы выбуху. Паветраная хваля кінула іх аб зямлю, закрыўшы асляпляльнае сонца чорнай беспрытомнасцю...

А ў паўвярсты ад цяпер ужо былога дзіцячага садка працягвала працаваць водазаборная станцыя, якая забяспечвала вадой гэты невялікі горад і якая як эканамічна-значны аб'ект павінна была быць знішчана разам з іншымі ваеннымі грамадзянскімі аб'ектамі першым жа ракетна-бомбавым ударам.

Але і «разумныя» ракеты памыляюцца...

 

* * *

 

Майк Х'юст, радавы амерыканскіх узброеных сіл, разам са сваім падраздзяленнем, следам за танкамі, уварваўся на тэрыторыю дзяржавы, дзе неабходна было «ўсталяваць дэмакратыю і свабоды».

Пачатак усёй аперацыі быў разлічаны на нечаканасць, таму, адразу пасля паветранага ўдару, наземныя войскі рынуліся ўперад, каб не даць апамятацца праціўніку. Майк радаваўся, што мэта была дасягнута, бо на шляху яго падраздзялення амаль ніякіх абараняльных дзеянняў не адчувалася.

Майк ніколі не даведаецца, што яго «баявы» шлях невыпадкова быў спланаваны такім чынам, каб найбольш небяспечныя баявыя дзеянні заставаліся ўбаку. Не ведаў ён і таго, што на другіх напрамках яго суайчыннікі і саюзнікі па кааліцыі сустракаюць жорсткае супраціўленне і што на іх шляху змяшалася ўсё - страх, кроў і смерць.

Майк Х'юст узрушана, з салодкай напружанасцю сціскаў аўтамат і па пыльнай дарозе імчаў у калоне бранятэхнікі...

Служба ў амерыканскім войску была пачэсным заняткам, а ўжо непасрэдны ўдзел у баявых дзеяннях па абароне дэмакратыі ў любой кропцы зямнога шара лічыўся нацыянальным геройствам...

Згаданае падраздзяленне было не звычайным, а спецпадраздзяленнем, створаным перад самай адпраўкай у «гарачую» кропку. Кожны ведаў толькі імя і прозвішча таварыша па зброі і больш нічога. Тлумачачы важнасць і сакрэтнасць спецзадання, камандзір падраздзялення строга забараніў усялякія размовы на «вольныя» тэмы, акрамя тых, якія тычыліся ваенных дзеянняў. Больш таго, асабістаму саставу было аб'яўлена, што, зноў жа ў мэтах захавання сакрэтнасці і паспяховага выканання задання, кожны, на час ваеннай аперацыі, будзе дзейнічаць пад чужым прозвішчам.

Акрамя густой завесы сакрэтнасці, камандзіру падраздзялення, перад пачаткам ваенных дзеянняў, было жорстка загадана па магчымасці пазбягаць прамых сутыкненняў з праціўнікам, акрамя вострай неабходнасці, прадыктаванай непасрэднай пагрозай жыццю падначаленых. Ні спецыфікі задання, ні накірунку сваіх дзеянняў ніводны спецназавец не ведаў ды і не надта цікавіўся, прывыкшы давяраць камандзіру і выконваць яго загады.

Камандаваў спецпадраздзяленнем саракавасьмігадовы палкоўнік Фрэнк Баснер, які неаднойчы нюхаў порах у розных «гарачых» кропках і меў шматлікія ўзнагароды за ўдзел у баявых дзеяннях. Гэта быў мужны і правераны на справе афіцэр, таму менавіта яму даверылі і спецпадраздзяленне і выкананне задання.

Праўда, і сам камандзір не вельмі дакладна ўяўляў мэты і задачы, акрамя агульнага: ісці за асноўнымі наступальнымі сіламі, выяўляць магчымыя фармаванні праціўніка ў тыле сваіх войскаў, збіраць весткі аб настроі мясцовых жыхароў і іншыя дробязі. Было, як лічыў палкоўнік, і галоўнае - ён меў загад падтрымліваць пастаянную сувязь з генеральным штабам у Брусэлі. Апошняе і пераконвала камандзіра спецназа, што ім выконваецца ці, па нейкаму асобаму загаду з генштаба, будзе выконвацца штосьці надзвычай важнае, інакш для чаго такому маленькаму чыну сувязь з генеральным штабам, ды яшчэ з самім камандуючым усёй аперацыяй.

Камандзір спецпадраздзялення і не здагадваўся, што з першай хвіліны ўзначальвання ім гэтай невялікай баявой адзінкі ён пачаў выконваць спецыяльнае заданне, за якім вачамі генеральнага штаба сачыў сам Прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі.

 

* * *

 

Масква насцярожылася. Вестка аб натаўскай, як тут лічылі, агрэсіі супраць невялікай дружалюбнай эўрапейскай дзяржавы без важкіх на тое прычын і, галоўнае, без дыпламатычных намаганняў узняла хвалю адназначнага пратэсту ў вышэйшых колах улады.

Людзі на вуліцах, на кухнях таксама гаманілі і асуджалі такую крайнасць, як ваенныя дзеянні, але людзі толькі тое і маглі, што пратэставаць супраць чагосьці ці пляскаць у далоні, падтрымліваючы штосьці, ствараючы гэтым адмоўны альбо станоўчы фон. Фон гэты па аднаму і таму ж пытанню, як правіла, мае эфект «палкі з двума канцамі».

Вось і сёння на адным канцы «палкі» - у Маскве, людзі сурова асуджалі агрэсара, а на другім канцы - у Вашынгтоне, людзі захапляліся чарговым «відовішчам», услаўляючы гераізм і правільнасць дзеянняў сваіх салдат - сейбітаў дэмакратыі.

Магутны паток інфармацыі і дэзінфармацыі рабіў сваю справу, узрушваючы мільёны людзей, ствараючы неабходны кожнаму «канцу палкі» фон...

Масква насцярожылася. Дарэмна амерыканскі Прэзідэнт назваў Расею моськам. Гэта быў усё той жа славуты расейскі мядзведзь. А з прыходам новага расейскага кіраўніка мядзведзь набыў характар грызлі - злоснага, непрадказальнага і лютага драпежніка...

Савет Бяспекі, тэрмінова скліканы Прэзідэнтам Расеі, разглядаў адно пытанне: «Што рабіць?!»

Члены Савета Бяспекі ведалі, што яны будуць рабіць, бо двух меркаванняў ужо даўно ў Крамлі не было - рабілі ўсё тое, што загадваў Прэзідэнт, нават калі ён часцяком памыляўся. Тады «памыляліся» за ім і ўсе дарадцы і ўся Расея. А праз некаторы час памылкі спісваліся на пошукі новых падыходаў у вырашэнні стратэгічных задач, на недасканальнасць законаў, на надвор'е і на іншае...

- Сёння памылкі не павінна быць! - пачаў нараду Прэзідэнт. - Сёння нам зноў плюнулі ў твар, не хаваючы гэтага. Выцерціся і прамаўчаць немагчыма - наш адказ павінен быць адпаведным... Якія будуць прапановы?.. Вашы? - і Прэзідэнт глянуў на міністра абароны.

Міністр ускочыў з месца:

- Як загадаеце, таварыш Галоўнакамандуючы!

Прэзідэнт зморшчыўся:

- Зноў я... А вы? Што б вы рабілі на маім месцы ў такой сітуацыі?

- На Вашым месцы я ніколі не буду, таварыш Галоўнакамандуючы, але выканаць любы Ваш загад гатовы! - адрапартаваў ваенны міністр.

Прэзідэнт не здолеў схаваць самазадаволеную ўсмешку:

- Добра, добра... Ведаю... Ну а ракеты? Спадзяюся, вы не перанацэльвалі іх з буйнейшых гарадоў і важнейшых аб'ектаў у нікуды, як намі было афіцыйна заяўлена?

- Не, таварыш Галоўнакамандуючы! Стратэгічныя ракеты, з першага дня пастановы на баявое дзяжурства, трымаюць пад прыцэлам усю зацверджаную Вамі стратэгічную сетку тэрыторыі верагоднага праціўніка...

- Не верагоднага, а ўжо рэальнага! - перабіў Прэзідэнт міністра. - Працягвайце, я слухаю...

Міністр працягваў:

- Нашы падводныя лодкі таксама прыведзены ў стан павышанай баявой гатоўнасці ўздоўж узбярэжжа альянсу - пуск балістычных крылатых ракетаў гатовыя ажыццявіць у любы момант па Вашаму загаду!..

- А чым дыхае космас? - пацікавіўся Прэзідэнт.

- Думаю, што верагодны... прабачце, рэальны праціўнік не дагадваецца, што нашы касмічныя навінкі ператвараюць іхні супрацьядзерны славуты парасон у звычайны парасон ад дажджу.

- Ну дык што?! - абвёў прысутных запаленым поглядам Прэзідэнт. - Абатромся і прамаўчым ці пакажам гэтай зажраўшайся дэрмакратыі, адкуль ногі растуць?! Сядайце! - задаволена кіўнуў ён ваеннаму міністру. Зноў абвёў усіх поглядам і працягваў: - А што чуваць у нашым міністэрстве замежных спраў?

Міністр замежных спраў устаў, адкашляўся.

- Што тычыцца пачатку ваенных дзеянняў на тэрыторыі дружаскай нам дзяржавы, ніводная дзяржава-агрэсар не толькі не ўведаміла нас, але і не спрабуе тлумачыць матывы такой дзёрзкасці нават у Савеце Бяспекі ААН. Наш запрос у дзяржаўны дэпартамент ЗША аб прычынах і мэтах агрэсіі, па сутнасці, застаўся без тлумачэння. Нам адказалі, што і Расея павінна быць зацікаўлена ў тым, каб дэмакратыя ўсталявалася паўсямесна, ківаючы і на нашы ўнутраныя справы...

- Та-а-к... Зразумела... Сеюць вецер... Амерыка яшчэ ні разу не ваявала на сваёй тэрыторыі - думае і цяпер адгарадзіцца акіянам. Дзівакі! Не ведаюць, з кім маюць справу! - раптам Прэзідэнт змяніў накірунак думкі.

- А як паводзяць сябе ахвяры агрэсіі? - зноў звярнуўся ён да міністра замежных спраў. - Якія з імі перамовы?

Міністр адказаў коратка:

- Яны просяць дапамогі.

- І мы не можам на гэты раз ім адмовіць! - падхапіў Прэзідэнт. - Не можам і не маем права! Нас вымушаюць!

- У нас няма з імі агульнай мяжы... - нясмела ўдакладніў міністр замежных спраў. - Згодна міжнародных абавязацельстваў і пагадненняў...

- Начхаць на міжнародныя пагадненні! - ускочыў Прэзідэнт. - Начхаць, як і яны начхалі! Ёсць мора, па якім нам ніхто не забароніць плаваць, ёсць варыянты, ёсць супраць сілы сіла!..

Пахадзіўшы, Прэзідэнт зноў сеў на месца.

- Так! Нашым сябрам перадайце, што дапамога хутка будзе! І будзе эфектыўнай і нечаканай! Горача ўсім зробіцца!..

Вытрымаўшы паўзу, Прэзідэнт звярнуўся да шэфа знешняй разведкі:

- А што нашы вушы і вочы? - потым рэзка дадаў: - Чаму праспалі?!

Кіраўнік ФСБ, хвалюючыся, пачаў:

- Я дакладваў Вам, таварыш Галоўнакамандуючы, аб актывізацыі натаўскіх ваенных вакол аб'екта «А». Гэта ўспрымалася, як дэманстрацыя сілы і псіхалагічны ціск... Нават Савет Бяспекі і ў цэлым ААН...

- Ведаю! - перабіў Прэзідэнт. - Ты пра сваё гавары, а пра ААН я ведаю не горш твайго. Якія планы натаўцаў? На што разлічваць?

Кіраўнік ФСБ з неахвотай сказаў:

- Мы распалагаем інфармацыяй, што галоўны разлік альянсу на слабасць Расеі...

- Што?! - зноў ускочыў Прэзідэнт. - Што?! Слабасць Расеі?! Я ім пакажу слабасць Расеі! - голас Прэзідэнта нервова сарваўся.

Шэф разведкі ўдакладніў:

- Яны спадзяюцца, што эканамічныя цяжкасці не дазволяць Расеі ўмяшацца ў гэты канфлікт.

- Дурань думкай багацее! - недыпламатычна заўважыў Прэзідэнт. - Так, што яшчэ ёсць у вашых запасніках?..

Шэф разведкі выцягнуў з «запаснікаў» наступнае:

- Ёсць дадзеныя, што ў ваенных дзеяннях на тэрыторыі аб'екта «А» прымае ўдзел сын Прэзідэнта ЗША...

- Як?! - ледзь не крыкнуў расейскі лідэр. - І ты гэта трымаў напаследак?! Гэта ж залатая рыбка, якую мы павінны вылавіць! Гэта такі козыр, што і не снілася нікому!..

Бедная залатая рыбка, ёй павінна было двойчы ікнуцца, бо амаль адначасова два Прэзідэнты на розных канцах зямнога шара ўспомнілі яе. Лепей бы яны ўспомнілі сумны канец той казкі...

 

* * *

 

Канцлер Германіі Вілі Штоф, асцярожны і практычны палітык, не выказваў радасці і перад пачаткам ваеннай аперацыі. Але тады саюзніцкая салідарнасць прымусіла сунуць галаву ў адну запрэжку разам з астатнімі членамі паўднёва-атлантычнага альянсу. Тады ўсё ўяўлялася больш-менш прагназуемым. Здавалася, што варта толькі ваеннай армадзе ступіць на тэрыторыю значна слабейшага праціўніка, як той падцісне хвост і заб'ецца ў кут, падпарадкоўваючыся чужой волі.

Цяпер жа, калі салдаты кааліцыі наткнуліся на жорсткае супраціўленне і гінуць на кожным кроку, калі прадстаўнік Расеі ў ААН заявіў, што Расея захоўвае за сабой права на любыя практычныя дзеянні, калі ў Эўропе, пад бокам у заможнай Германіі, накаляецца атмасфера непрадказальнасці і выбуховасці - цяпер Вілі Штоф ацаніў усю безадказнасць заакеанскага апякунства. Ён і да гэтага ведаў, што Амерыка ўкладвала ў ваенныя акцыі ля чужога парога свае даляры, а Эўропа закладвала свой лёс, не раз рабілася заложніцай смяртэльнай авантуры.

Вось чаму Вілі Штоф звязаўся па тэлефоне з Прэзідэнтам ЗША.

- Вітаю Вас, спадар Прэзідэнт!

- А-а! Дружышча Вілі! Прывітанне! Давай абыдземся без «спадар Прэзідэнт», заві мяне...

- Спадар Прэзідэнт! - канцлер Германіі прапусціў міма вушэй сяброўскую параду. - Я занепакоены ходам ваеннай аперацыі, падзеі ўсё больш заблытваюцца ў тугі клубок.

- Згодзен з табой, Вілі, - пагадзіўся Прэзідэнт ЗША. - Вайна - не гульня ў покер. Войны заўсёды штосьці губілі, штосьці нараджалі. Вайна для чалавецтва - як стымулюючы штуршок для кволага сэрца...

- Спадар Прэзідэнт! - у тым жа настойлівым тоне працягваў Вілі Штоф. - Я тройчы занепакоены стаўленнем сусветнай супольнасці да тых падзей, якія мы ўзрушылі. Мне не падабаецца цвёрдая пазіцыя Расеі ў адносінах да гэтых падзей і яе намеры...

- А мне заўсёды не падабалася пазіцыя Расеі. І што?.. Ты сказаў пра нейкую сусветную супольнасць... Хто гэта? Асноўная сусветная супольнасць якраз і наводзіць зараз парадак у цэнтры Эўропы.

Вілі Штоф падумаў: «Лепей бы ты наводзіў парадак у цэнтры Амерыкі», а ўслых сказаў:

- Там, у цэнтры Эўропы, сёння цяжка ўжо зразумець, хто нас падтрымлівае, хто ў нас страляе. Міжэтнічная, міжрэлігійная блытаніна павялічылася, гінуць, у асноўным, мірныя жыхары, дзеці...

- Калі падмятаюць забруджанае памяшканне, пыл ляціць і ў вочы. Згодзен - гэта непрыемна. Але мы павінны думаць пра памяшканне будучыні, каб нашы вочы не зацярушваў пыл. Зразумеў, дружышча Вілі?

- Спадар Прэзідэнт! - не супакойваўся канцлер. - Ваенныя караблі Расеі, у іх ліку і авіянясучыя, пэўна ж, і падводныя лодкі набліжаюцца да тэатра ваенных дзеянняў. Вы не можаце не ведаць, што апошнім часам Расея вывела на каляземную арбіту некалькі загадкавых лятальных апаратаў. Тады сцвярджалася, што гэта звычайныя навуковыя спутнікі. Але ёсць, хоць і скупыя, звесткі, што там можа быць нейкая зброя. Думаю, што не аўтамат Калашнікава яны вывелі ў космас. Я ўжо не кажу пра тыя падводныя лодкі, з якіх не спускаюць вачэй, у тым ліку і з вашага Белага дома...

- Ха-ха-ха! - пачулася ў слухаўцы. - Ты, дружышча Вілі, распаліў сябе да чырвані. Вось што значыць - у цябе пад бокам чырвоная прапаганда. Каго ўбаяўся! Ды яны наплятуць табе хлусні - толькі слухай! Памятаеш, як у сярэдзіне мінулага стагоддзя, у разгар так званай «халоднай» вайны, на камуністычныя святы вазілі па Чырвонай плошчы ў Маскве агромністыя ракеты і крычалі на ўвесь свет пра сваю ракетную моц? Нашы кіраўнікі тады добра здрэйфілі, а потым высветлілася, што такіх ракет і не было ў расейцаў, а вазілі пустыя абалонкі ад ракет, муляжы. Вось табе і аўтамат Калашнікава! Яны, гэтыя галадранцы, здольныя на ўсё - выведуць у космас аглоблю ад саняў, а скажуць, што запусцілі на арбіту лазерную пушку.

- Спадар Прэзідэнт! Недаацэньваць праціўніка - значыцца прайграць яму. Я ўсё ж настойваю на перамовах з Расеяй, хаця б на кансультацыі, каб змякчыць сітуацыю.

- Змякчыць?! - злосна зіранізаваў Прэзідэнт ЗША. - А ці не настаў момант абвастрыць яе! Чуў, Вілі, прытчу пра месца пад сонцам? Сонца адно, а нас - шмат... І няўжо ты, дружышча Вілі, - мякчэй працягваў тэлефонны субяседнік, - хочаш, каб увесь час, да канца твайго жыцця, ляцеў пыл у твае вочы і вочы тваіх дзяцей?

- Я ведаю адно, - упэўнена сказаў Вілі Штоф, - што мы развязваем рукі таму, на каго і ў лепшыя часы мала было надзеі. Як кажуць амерыканцы, сабака без намордніка абавязан кусацца... А тут не звычайны сабака, а з вірусам ядзернага шаленства.

- І на гэту тэму мы думаем! - холадна адказаў Белы дом, што разанула па слыху канцлера і пакрыўдзіла яго.

Куснула думка: хто гэта «мы»? Ці амерыканскі Прэзідэнт назваў сябе «мы», ці апошні крок, такі, як ядзернае вар'яцтва, будзе вырашацца без ведама і згоды ўсіх членаў альянсу? Тым больш што Штоф ведаў незадаволенасць «малых» членаў блока і навічкоў, якія па сутнасці выконвалі ролю паслухмяных статыстаў.

На заканчэнне канцлер Германіі сказаў:

- Я выказаў вам, спадар Прэзідэнт, свае думкі і гэтак думаю не адзін я.

- На тое ў нас і дэмакратыя, дзе кожны думае, што хоча, - пачулася ў адказ.

 

* * *

 

Калона бронемашын і танкаў з амерыканскім спецназам прыпынілася пры ўездзе ў невялікі гарадок.

Прыпынак быў незапланаваны, а вымушаны, бо дарогу запрудзілі людзі, у асноўным жанчыны. Іх было шмат, і яны штосьці раз'юшана крычалі і адчайна жэстыкулявалі.

- Забойцы! Каты! Вы не людзі - звяр'ё! - кінуліся да ваенных мірныя жыхары.

Камандзір падраздзялення паклікаў перакладчыка і запытаўся ў яго:

- Што яны крычаць? Чаго хочуць?

Перакладчык па магчымасці змякчыў сэнс гнеўных слоў, захаваўшы асноўны настрой, ад чаго Фрэнк Баснер прыйшоў у здзіўленне. Ён стаў на падножку свайго джыпа і зычна крыкнуў у натоўп:

- Мы прыйшлі да вас з адкрытымі сэрцамі! Мы - вашы сябры! Мы жадаем вам міру і дэмакратыі!..

Пасля таго як перакладчык пракрычаў тое ж у натоўп, узрушаныя людзі рвануліся да джыпа, і некалькі жанчын сілком пацягнулі афіцэра некуды ў бок ад дарогі, паказваючы туды рукамі.

Аўтаматчыкі кінуліся да раз'юшаных жанчын, каб ратаваць свайго камандзіра, але ён, разумеючы, што жанчыны ніякай пагрозы не ўяўляюць, сам пайшоў праз натоўп у той бок, куды яго гэтак бесцырымонна запрашаюць. Частка салдат у касках і з аўтаматамі крочыла следам.

Раптоўна ўсе спыніліся і, як па камандзе, змоўклі, даючы магчымасць «сябрам» з-за акіяна ацаніць усё самім.

Відовішча было страшнае. Груды цэглы і бетону яшчэ дыміліся і пыхкалі агнём. Кавалкі былога будынка трымаліся ў паветры на тонкай арматуры і пагойдваліся, як тыя вісельнікі.

Тут жа напружана тахкаў матор пад'ёмнага крана, які раздзіраў завалы, а сярод гэтай закуранай мешаніны мітусіліся мужчыны, зазіралі ў кожную шчыліну, штосьці вышукваючы.

Крыху воддаль, на пакарабачанай пляцоўцы былога дзіцячага садка, сярод розных абломкаў, двума доўгімі радамі ляжала штосьці пад белымі прасцінамі. Здавалася, што тут склала свае доўгія белыя крылы невядомая мёртвая птушка.

Жанчыны зноў залемантавалі, падштурхнулі палкоўніка да прасцінаў і пачалі адхінаць іх. Баснер адскочыў. Двума няроўнымі радкамі, тварамі ўгару, ляжалі чатырох- і пяцігадовыя дзяўчынкі і хлопчыкі, якія зусім нядаўна, гэтак жа шчыльна, узяўшыся за рукі, хадзілі па зямлі, бегалі па гэтай пляцоўцы.

Цяпер яны, нібы птушаняты, склалі свае крылцы і ніколі ўжо не здолеюць узняцца ў паветра жыцця...

Палкоўнік і яго падначаленыя аслупянелі. Яны амаль не чулі, як вакол іх раўлі і стагналі няшчасныя людзі:

- Гэта вы! Вы - забойцы дзяцей! Няхай пракляцці абрынуцца на ваш род! Каты!..

Слабаміра, перамагаючы востры боль у галаве, рынулася з натоўпу да бліжэйшага аўтаматчыка і плюнула яму ў твар:

- Гіена! Драпежная гіена!..

Майк Х'юст быў настолькі аглушаны жудасным відовішчам, што нават не зрэагаваў на плявок, нават не выцерся. Ён не мог адарваць вачэй ад дзіцячых акрываўленых тварыкаў. Асабліва гіпнатызавалі шырока адкрытыя вочы забітых дзяцей, якія бязгучна крычалі: за што?!.

Бранятанкавая калона рушыла далей, а Майк, забыўшыся пра ваенную рамантыку і спецыяльную місію іх падраздзялення, тросся на жорсткім сядзенні бронемашыны і з непрыемнасцю адчуваў агідны холад аўтамата. Яго мазгі ліхаманкава круцілі адну і тую ж думку: «Ніякія ваенныя мэты не варты тых загубленых дзіцячых жыццяў! Ніякія!»

Ён, Майк Х'юст, як і ўсе яго малазнаёмыя між сабой калегі па спецпадраздзяленні, быў не Майкам Х'юстам, а Полам Бартманам, сынам Прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі. Вось чаму падраздзяленне складвалася з выхадцаў амерыканскіх штатаў, якія знаходзіліся далей ад роднага штата Пола. Але і блізкія яго сябры з цяжкасцю пазналі б маладога Бартмана, бо і сам ён, начапіўшы на сябе камуфляжную форму і насунуўшы на лоб каску, ледзь пазнаваў сябе.

Тое, што ён - прэзідэнцкі сын, яго на пачатку ваеннай аперацыі зусім не хвалявала. Ён і не думаў рассакрэчвацца - хацелася быць як і ўсе, прайсці праз ваенныя выпрабаванні як радавы грамадзянін Амерыкі.

Цяпер тое, што ён не толькі сын кіраўніка самай магутнай дзяржавы свету, але і сын, па сутнасці, кіраўніка ўсёй гэтай ваеннай акцыі, - балюча хвалявала яго і нават прыніжала перад сваімі таварышамі. Яны - салдаты, ён - нейкім чынам саўдзельнік таго, няхай і памылковага, забойства дзяцей.

Сорам, крыўда і боль зрабіліся ваеннымі спадарожнікамі нядаўняга летуценніка Пола.

Фрэнка Баснера, які моўчкі ехаў у джыпе, грызлі няхай і не такія ўжо эмацыянальныя, але таксама пякучыя думкі.

Ён і не падазраваў, што адзін з яго падначаленых - сын Прэзідэнта ЗША. Яго б да глыбіні душы абразіла тое, што ўся мэта яго спецпадраздзялення заключаецца ў тым, каб толькі абазначыцца на гэтай вайне, захаваўшы жывымі сваіх салдат, у першую чаргу «Майка Х'юста».

Таму для яго калоны і былі выбраныя дарогі ў баку ад асноўных ваенных падзей, ды і то перад імі ўвесь час ішлі танкі і над галовамі не сціхалі свае верталёты. Усяго гэтага ён не ведаў і працягваў сумленна выконваць заданне, дакладваючы аб кожным кроку ў генеральны штаб.

Прэзідэнт жа ЗША, у выпадку паспяховага заканчэння ваенных дзеянняў (а пра непаспяховае і не думаў), забіваў адразу двух зайцоў: рэабілітаваў сябе перад бацькамі загінуўшых салдат (і мой жа сын быў там!) і, па-другое, паказаў бы ўсяму свету, што дэмакратыя і свабоды даражэй для яго за роднае дзіця, жыццё якога Прэзідэнт быў гатовы пакласці на алтар светлай дэмакратычнай ідэі.

Не ведаў усяго гэтага і Пол і працягваў выконваць ролю падсадной качкі.

 

* * *

 

Ваенны самалёт без распазнавальных знакаў з'явіўся над групоўкай расейскіх ваенных караблёў у нейтральных водах Міжземнага мора.

Візіты няпрошаных гасцей былі прывычнымі для ваенных маракоў, такое здаралася неаднойчы і раней, але тыя візіцёры, наталіўшы сваю цікаўнасць, пакруціўшыся над караблямі ці над караблём, адляталі прэч.

Гэты ж самалёт паводзіў сябе дзёрзка, нават нахабна. Праляцеўшы некалькі разоў над караблямі, ён набіраў вышыню і пікіраваў на адзін з ваенных караблёў, імітуючы нападзенне.

Супраць такіх агрэсіўных манеўраў, згодна пагадненняў аб міжнародным плаванні ў нейтральных водах, дазвалялася прымяняць зброю, у мэтах захавання асабістай бяспекі. Але камандуючы ваенна-марской групоўкай, улічваючы міжнародную напружанасць, праяўляў вытрымку.

З палубы авіянясучага крэйсера былі ўзняты два «СУ-43», але паветраны хуліган рэціраваўся. Праз нейкі час, пасля пасадкі расейскіх самалётаў на палубу, ліхаманец зноў паявіўся над караблямі і пачаў сваё «коўзанне з гары».

Парог дапушчальнага быў пяройдзены, і пры чарговым наборы вышыні па паветранаму ваеннаму аб'екту была запушчана ракета, якая паслухмяна рванулася ў неба, і тое, што засталося ад самалёта, плюхнулася ў цёплыя марскія хвалі.

Гэта ўжо быў не інцыдэнт, а прамое сутыкненне расейскіх узброеных сіл з невядомым праціўнікам, пацягнуўшае за сабой гібель лётчыка.

Масква адрэагавала на гэта надзвычайнае здарэнне, заявіўшы ў Савеце Бяспекі ААН, што ваенны карабель лічыцца суверэннай часткай дзяржавы, якой належыць, таму пасягненне ці імітацыя пасягнення на ваенныя караблі расцэньваецца як пасягненне на дзяржаву...

Але і папярэдні рашучы пратэст Расеі ў Савеце Бяспекі, асуджаючы неапраўданую агрэсію паўднёва-атлантычнага альянсу супраць суверэннай дзяржавы, не дасягнуў мэты, бо многія краіны-агрэсары самі з'яўляюцца пастаяннымі членамі Савета Бяспекі.

Арганізацыя Аб'яднаных Нацый і яе структуры страцілі ўплывовасць на працэсы міжнародных адносінаў. Падпісаныя раней міжнародныя пагадненні і абавязацельствы не выконваліся - светам правіў не розум, а сіла.

 

* * *

 

Тым часам калона бранятэхнікі амерыканскіх спецназаўцаў следавала ад аднаго населенага пункта да другога па тэрыторыі, папярэдне «апрацаванай» ракетамі і бомбамі і «зачышчанай» танкамі.

«Апрацоўка» і «зачыстка» зрабілі сваю справу - паабапал дарог і наколькі бачыла вока ляжалі руіны і пужалі сваім знявечаным выглядам дамы-калекі. І сярод гэтага зруйнавання і чорнай задымленасці гуртаваліся людзі, быццам збіраліся на сход, каб абмеркаваць, дзе і што лепей сеяць. Але пра сяўбу нідзе не ішло гаворкі - гэта былі пахаванні тых, на чые галовы абрынулася заўчасная і нечаканая смерць. Хавалі на дварах, ля сваіх раскіданых гнёздаў. Хавалі маладых жанчын, старых людзей і, што самае жахлівае, дзяцей. Тут жа аплаквалі загінуўшых пакуль яшчэ жывыя маладыя жанчыны, старыя людзі і дзеці. Дзеці, якім немагчыма было растлумачыць, чаму закапваюць зямлёй маму, тату, браціка ці сястрычку. Немагчыма было ім растлумачыць і тое, чаму нечы танк прагрукацеў ля вокнаў іхняга дому, раструшчыўшы гусеніцай любімую ляльку ці каляровы мячык.

Дзецям трэба расці і расці, каб многае зразумець, але жыць і расці за шматвекавую гісторыю не далі магчымасці мільёнам дзяцей...

Майк Х'юст усё гэта бачыў, і сэрца яго сціскалася, ператвараючыся ў балючы камок. Яму здавалася, што ён бачыць на агромністым экране недарэчны фільм жахаў...

А па абочынах дарог, побач з калонай спецназаўцаў, бясконцым патокам ішлі людзі з клункамі. Хтосьці штосьці крычаў амерыканскім салдатам, але і тыя, хто ішоў моўчкі, выклікалі жах. Іх вочы, іх погляды былі страшней жэрлаў танкавых пушак. Не, не нянавісць перапаўняла іх вочы, а глыбокі, пакутлівы папрок і нясцерпны душэўны боль.

Лепей бы яны кідалі каменнямі па танках і бронемашынах альбо стралялі - гэта б успрымалася лягчэй і выклікала адпаведную рэакцыю.

А як і чым адказаць пранізліва-балючым поглядам абяздоленых людзей? Толькі болем ва ўласным сэрцы! І Майк спаўна спачуваў чужой бядзе, перапаўняючы сваё сэрца болем.

Калі калона ўехала ў нейкі горад, вузкая вуліца, па якой рушылі спецназаўцы, прывяла да плошчы, якая была запоўнена людзьмі. На плошчы праходзіў нейкі мітынг, і, каб не перашкаджаць гэтаму мерапрыемству, калоне трэба было развярнуцца і праехаць па другой вуліцы. Але вузкая вуліца закаркавалася бранятэхнікай, і развярнуцца не было магчымасці, таму маторы былі заглушаны - Фрэнк Баснер вырашыў перачакаць. Але спакойна перачакаць не прыйшлося, бо натоўп людзей расступіўся і «агалілася» самаробная трыбуна-падмостак, перад якой стаялі адкрытыя труны. У іх ляжалі сем маладых хлопцаў і дзяўчат.

З трыбуны ў мікрафон на ўсю плошчу прагучаў чыйсьці голас, і амерыканскія салдаты пачулі запрашэнне на ангельскай мове:

- Калі ласка, амерыканскія «сябры»! Просім вас прыняць удзел у жалобнай паніхідзе па забітых вамі юнаках і дзяўчатах, якія ўчора на гэтай плошчы давалі канцэрт і спявалі вядомую ўсяму свету песню: «Пусть всегда будет солнце...»

Наступіла магільная цішыня. Фрэнк Баснер, які бачыў на сваім вяку шмат усяго неверагоднага, адчуў у каленях дрыжыкі. Ён быў прыпёрты да сцяны, раздушаны апошнімі падзеямі. Нібы ў жахлівым сне, падняўся ён на трыбуну.

Той жа голас мужчыны ля мікрафона прапанаваў:

- Смялей! Вы ж такія адважныя супраць безабаронных людзей і дзяцей.

Палкоўнік акінуў поглядам людзей, будынкі з выбітымі вокнамі, зірнуў уніз на трох дзяўчат і чатырох хлопцаў у трунах, побач з якімі ляжалі пакарабачаныя музычныя інструменты, і, памятаючы, што ён, у першую чаргу, кадравы ваенны, сціпла сказаў у мікрафон:

- Спачуваю забітым... Але вайна без ахвяр не бывае, ад памылак ніхто не абаронены... Я хачу запэўніць вас, што...

- Дайце мне слова! - ірвануўся нейкі амерыканскі салдат да трыбуны. - Што ён гаворыць?! Дайце слова!..

Ён ускочыў на падмостак і адштурхнуў палкоўніка ад мікрафона. Зрываючымся ад хвалявання голасам Майк, цяпер ужо Пол Бартман, звярнуўся да прысутных:

- Я, Пол Бартман, - сын Прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі... У першую чаргу я хачу схіліць галаву перад гэтымі забітымі юнакамі і дзяўчатамі, перад усімі забітымі на гэтай ганебнай вайне і ад імя сумленных амерыканцаў папрасіць прабачэння ў вашага народа...

Пол перавёў дыханне і працягваў:

- Я - сын амерыканскага Прэзідэнта, і мне сёння сорамна за Амерыку, за тую Амерыку, якая захлынаецца ад дабрабыту і прыносіць гора і жабрацтва другім...

Пол сарваў з плячэй аўтамат і кінуў яго пад ногі.

- Прапаную зрабіць гэта і вам! - звярнуўся ён да камандзіра.

З натоўпу пачуліся крыкі:

- Ты, хлопец, відаць, з'ехаў з глузду ад бачанага, але няхай бы і сапраўды быў такі разумны сын у вашага Прэзідэнта-забойцы!

- А-а! Сволач! Забіваў, а цяпер вушы на плечы!

Палкоўнік выхапіў у Пола мікрафон і крыкнуў:

- Гэты салдат здурнеў! Не ў кожнага вытрымлівае псіхіка на вайне - не звяртайце ўвагі! - і жэстам даў каманду падначаленым, якія скруцілі рукі Полу і хуценька павялі да сваёй тэхнікі, дзе па загаду палкоўніка надзелі наручнікі і ізалявалі ад астатніх.

Загулі маторы, і калона праз плошчу, абдаўшы жывых і мёртвых дымам, падалася далей.

Натоўп захваляваўся, узрушана загудзеў. І хоць прамова амерыканскага салдата амаль усім спадабалася, яго сапраўды палічылі за звар'яцелага.

Але сярод людзей былі і тыя, хто лічыў інакш і чые сэрцы радасна затрапяталі ад таго, што «залатая рыбка», хоць пакуль і не злоўленая, азвалася.

Радасць іх была заўчаснай, бо за горадам, у невялікім ляску, калона спынілася, і, каб не сеяць смуту ў спецыяльным падраздзяленні, Майк Х'юст, ён жа Пол Бартман, ён жа адзіны сын Прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі, па законах ваеннага часу быў расстраляны.

 

* * *

 

Расейская ваенна-марская групоўка, у склад якой уваходзілі і два вялікія дэсантныя караблі, набліжалася да ўзбярэжжа дзяржавы, супраць якой паўднёва-атлантычным блокам вяліся ваенныя дзеянні. Геаграфічная набліжанасць некаторых членаў дадзенага ваеннага блока і ваенна-марская армада, падцягнутая сюды натаўцамі загадзя, - былі тым пераважным ваенным фактарам, які нельга было не ўлічваць.

Быў і другі фактар на карысць альянсу - натаўская блакада гэтай сярэднеэўрапейскай дзяржавы, супраць якой і вяліся ваенныя дзеянні. Але гэты фактар, як ні дзіўна, спрацаваў супраць блакадаўсталяванцаў, бо само аб'яўленне блакады лічылася, на думку альянсу, непахільным табу для ўсіх астатніх дзяржаў, якія, улічваючы ваенную моц «гаспадароў» гэтай зоны, і не падумаюць сунуць свой нос пад удар альянсу.

Такая заспакоеная ўсёдазволенасць і расхаладжвала ўзброеных ад пят да макаўкі галавы натаўцаў. Уяўляемая імі псіхалагічная і ваенная перавага саслужыла ім жа адваротную паслугу, бо пасля таго як расейскія ваенныя караблі поўным ходам увайшлі ў «забароненыя» воды, разгубленасць і нерашучасць прымяніць зброю, пасля якіх пачаліся ліхаманкавыя кансультацыі з Брусэлем і Вашынгтонам, дазволілі расейцам наблізіцца да ўзбярэжжа і пачаць інтэнсіўную высадку дэсанта.

Толькі пасля гэтага заходнія стратэгі спахапіліся і ашчэрыліся палубнымі ракетнымі ўдарамі са сваіх ваенных караблёў і ўзнялі ў паветра з авіяносцаў і бліжэйшых аэрадромаў дзесяткі, а магчыма, і сотні ваенных самалётаў.

Расейскія дэсантнікі, якія паспелі замацавацца на ўзбярэжным плацдарме, прыкрываліся з паветра сваёй палубнай авіяцыяй, а перадавая дэсантная бранятэхніка пачала адціскаць у глыб тэрыторыі абарону праціўніка.

Невялікая паветраная прастора над прыбярэжнай марской акваторыяй ды і сама гэта акваторыя ператварыліся ў вогненнае пекла, якое распорвалі яркія шлейфы ракет, якія ляцелі ў розных накірунках. Сама ж прыбярэжная суша грукацела і ўздымалася на дыбы ад разрываў ракет, снарадаў і мін, пачынала накрывацца сквапным полымем вайны і рабіцца чырвонай ад крыві.

Паступова гарады і вёскі разам з жыхарамі - адвечнымі гаспадарамі гэтай зямлі - згаралі ў бязлітасным полымі, павялічваючы бясконцы лік ахвяраў бясконцых войнаў.

 

* * *

 

Фрэнк Баснер заканчваў ваенную кар'еру і збіраўся пасля гэтай, як ён лічыў, апошняй яго вайны пайсці на адпачынак і заняцца нарэшце любімай справай - рыбалкай.

Перад сваёй нацыяй і сваім сумленнем ён быў чысты. Таму і сёння, пастроіўшы спецназаўцаў - сваіх падначаленых, ён быў упэўнены ў праваце сваіх дзеянняў і спакойна, але рашуча сказаў:

- Я хачу, каб вы засвоілі, што крайнія меры, такія, як расстрэл дэзерціраў, - на вайне неабходныя. Дэзерціры дэмаралізуюць войска, ператвараюць яе ў натоўп слімакоў... Такім аказаўся Майк Х'юст, які не толькі кінуў пад ногі зброю, дадзеную яму Амерыкай, але і абразіў нашага Прэзідэнта, назваўшыся ягоным сынам. Я хачу, каб кожны з вас памятаў, што...

Але ў гэты момант памочнік палкоўніка па сувязі запрасіў яго да джыпа - выклікаў Генеральны штаб.

Звычайна Баснер сам у адпаведны час дакладваў у Брусэль, што паспеў зрабіць і сёння, а тут...

«Нарэшце даручаць штосьці важнае!» - радасна забілася сэрца.

Фрэнк Баснер яшчэ не ведаў, што расейскі дэсант імкліва высадзіўся на тэрыторыю, «апякаемую» ім і яго саюзнікамі, і хутка «сядзе» на плечы спецпадраздзяленню, як не ведаў і таго, што Расея і паўднёва-атлантычны альянс, на чале з яго роднай Амерыкай, знаходзяцца ў стане пакуль неаб'яўленай вайны.

Ён, пакінуўшы ў страі ля бранятэхнікі сваіх падначаленых, бадзёра падышоў да тэлефона і далажыў:

- Камандзір спецыяльнага падраздзялення, палкоўнік Баснер слухае!

- Слухайце ўважліва, палкоўнік! - пачуў ён у слухаўцы голас камандуючага. - Тэрмінова паварочвайце ў паўднёвым напрамку і прабівайцеся да ўзбярэжжа, дзе ў квадраце «X» вас будзе чакаць дэсантны карабель, які вас падбярэ і дзе вы атрымаеце далейшыя распараджэнні. І яшчэ, палкоўнік, - мы вас дадаткова прыкрыем з паветра, але будзьце гатовымі да сустрэчы з расейскімі самалётамі.

- Ёсць, сэр, ісці ў паўднёвым напрамку на сустрэчу з дэсантным караблём! - адчаканіў Баснер, а сам падумаў: «Адкуль тут расейцы?..»

- Цяпер, палкоўнік, - фармальна патрабаваў камандуючы, бо сёння ўжо чуў даклад Баснера, - дакладзіце коратка абстаноўку.

- Усё нармальна, сэр! Усё ідзе па плану, акрамя адной дробязі...

- Канфлікт з насельніцтвам? - удакладніў камандуючы.

- Прыйшлося, сэр, дзеля ўмацавання ваеннай дысцыпліны расстраляць аднаго дэзерціра, які, акрамя ўсяго, прыкідваўся сынам нашага Прэзідэнта і зневажаў...

- Што-о-о?! - ажно зараўло ў слухаўцы. - Што ты сказаў?! Ты расстраляў Майка Х'юста?!

- Так, сэр, яго... - няўпэўнена пацвердзіў палкоўнік.

- Балван! Ідыёт! - зноў зараўло ў слухаўцы, ад чаго Фрэнк Баснер, як яму падалося, імгненна ператварыўся ў кавалак ільду...

Камандуючы па-звярынаму рыкаў у слухаўку:

- Балван! Ты расстраляў сапраўднага сына нашага Прэзідэнта! Разумееш? Сы-на-а!

У Баснера нервова залескацелі зубы, усё перамяшалася перад вачыма, сэрца раздзіралася ад едкага і знішчальнага «балван!».

Ён, Фрэнк Баснер, кадравы ваенны, які прысвяціў жыццё нацыянальнаму войску, маленькі вінцік у вялікай і бруднай палітыцы, дрыготкай рукой дастаў з кабуры пісталет і, прыставіўшы да сівой скроні, выстраліў, цяжка паваліўшыся перад строем сваіх падначаленых...

Далёка ад гэтага месца, у штаб-кватэры НАТА ў Брусэлі, камандуючы аб'яднанымі саюзніцкімі сіламі ў гэтай вайне паклікаў свайго першага намесніка, аднаго з нямногіх, азнаёмленых з сапраўднай мэтай спецназа, і сказаў:

- Пол Бартман, сын нашага Прэзідэнта, расстраляны сваім жа камандзірам як дэзерцір... Гэта - для нас з вамі. Толькі для нас! Сведкаў не павінна быць! Спецпадраздзяленне Фрэнка Баснера загінула да апошняга салдата. Да апошняга! Сын Прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі - таксама па-геройску загінуў, абараняючы дэмакратыю! Зразумела?!.

- Ёсць, сэр! - адказаў першы намеснік камандуючага...

У гэты ж час, яшчэ далей ад распластанага на зямлі цела Фрэнка Баснера - у Вашынгтоне, Прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі праводзіў у Белым доме нараду са сваімі бліжэйшымі саратнікамі.

Міністр абароны абмаляваў агульную напружаную абстаноўку ў свеце і спыніўся на пакуль асноўных ваенных дзеяннях і на дэсанціраванні расейскіх ваенных.

- Як вы маглі такое дазволіць, маючы шматразовую ваенную перавагу? - злосна спытаўся амерыканскі Прэзідэнт.

- Дзёрзкасць расейцаў...

- Нахабства! - удакладніў Прэзідэнт. - Нахабства расейцаў і ваша разяўленасць!

- У іх вялікія страты, спадар Прэзідэнт, - паспрабаваў рэабілітавацца ваенны міністр.

- У нас не меншыя! - рэзка абарваў яго гаспадар Белага дома. - Ці вы лічыце толькі іхнія страты?

- Усе дадзеныя...

- Дзе расейскі дэсант? Чаму не скінулі ў мора? - зноў перабіў міністра Прэзідэнт.

- Ім удалося замацавацца, і яны працягваюць паглыбляцца, па сутнасці, у тыле нашых войскаў, якія вядуць жорсткія баі з праціўнікам далёка ад узбярэжжа.

Сэрца амерыканскага Прэзідэнта трывожна ёкнула - недзе там яго сын. А што, калі...

Рэзка зазваніў прамы тэлефон з Брусэля.

- Слухаю! - коратка сказаў у слухаўку Прэзідэнт.

- Спадар Прэзідэнт! - пачуўся ўзрушаны голас камандуючага. - Сэр, я з вялікім жалем вымушаны Вам дакласці, што Ваш сын па-геройску загінуў...

Прэзідэнт збялеў. Слухаўка вывалілася з раптоўна здранцвелай рукі...

Усе як па камандзе ўсталі са сваіх месцаў.

- Пакіньце мяне аднаго, - ледзь выдыхнуў адразу аслабелы і нейкі нямоглы кіраўнік самай магутнай дзяржавы ў свеце.

 

* * *

 

У Маскве, на чарговым пасяджэнні Савета Бяспекі, цяпер ужо - Савеце Абароны, распаліўся расейскі Прэзідэнт.

- Нашы амбіцыі (меў на ўвазе, канешне ж, сябе) - ніколькі не меншыя за іхнюю сытую самаўлюбёнасць! Маюць шмат даляраў - і даляры гараць! А Кітай? Што Кітай? Лісавата, па-ўсходняму, адмовіўся аб'яднаць нашы намаганні! Думаюць адседзецца за сваёй Вялікай сцяной? Дзе Індыя? Дзе голас Індыі? А астатнія?..

Усе ўважліва слухалі сумбурную, нелагічную і нервовую прамову свайго лідэра. Было відаць, што ён узвінчаны, узведзены, як пастка на мядзведзя, - адзін зычны гук ці неасцярожнае крананне рукой, і пастка клацне сталёвымі зубамі, адхопіць жыўём руку, а то і зусім галаву.

- Спадзяюся толькі на сябе! - і Прэзідэнт паказаў усім кулак.

Міністр замежных спраў, прыхільнік дыпламатычнай, а не ваеннай мовы, набраўся смеласці і ціха сказаў:

- Мы Кітаю прапаноўвалі ваенныя варыянты далейшага развіцця падзей. А што, калі б нам, разам з тым жа Кітаем і іншымі зацікаўленымі краінамі, паказаўшы прыклад усім удзельнікам гэтай вайны, сесці за стол перамоў, пакуль полымя вайны не распаўзлося па ўсёй зямлі? Была б надзея захаваць...

Прэзідэнт рэзка абарваў прамоўцу.

- Я забыўся цябе папярэдзіць, - звярнуўся ён да міністра замежных спраў, - што сёння раніцай падпісаў Указ аб тваёй адстаўцы. Можаш лічыць сябе свабодным і пакінуць нас!

Збялелы міністр, няўпэўнена ступаючы, выйшаў з пакоя - пастка спрацавала. Прысутныя яшчэ больш прыціхлі, баючыся сталёвага клацання той жа пасткі.

Прэзідэнт абвёў усіх строгім поглядам:

- Ідзе вайна! Хто першы пойдзе на рашучы крок, той і пераможа!..

У прысутных балюча зашчымелі сэрцы - кожны зразумеў, што стаіць за апошнімі словамі Прэзідэнта...

Прыкладна гэткая ж нервовая нарада адбывалася і за акіянам - у Белым доме. Амерыканскі Прэзідэнт быў таксама ўзвінчаны, але прысутныя адносіліся да гэтага з тактоўным разуменнем - Прэзідэнт страціў адзінага сына.

Калі ж амерыканскі лідэр закончыў нараду словамі: «Першы, хто пойдзе на рашучы крок, той будзе пераможцам!» - прысутныя ўздрыгнулі.

А праз нейкі час Прэзідэнту ЗША далажылі, што міністр абароны, вярнуўшыся з нарады, застрэліўся ў сваім кабінеце.

- Слюнцяй! - абурыўся Прэзідэнт. - Пабаяўся адказнасці. Браў бы прыклад з майго сына, які загінуў як сапраўдны мужчына...

І ў гэтым Прэзідэнт ЗША не памыляўся.

 

* * *

 

Хіл Старк, першы намеснік Фрэнка Баснера, па загаду з Брусэля прыняў камандаванне спецпадраздзяленнем. У гэтым жа тэлефонным загадзе новаму камандзіру спецназа было аб'яўлена, што сёння ж верталётам будзе дастаўлена ваенная форма іх праціўніка, у якую неабходна тэрмінова пераапрануць асабісты састаў спецназа. Загадалі намаляваць на бранятэхніцы і неабходную апазнавальную атрыбутыку праціўніка.

У войску, тым больш у час вайны, загады не абмяркоўваюцца, а выконваюцца. Быў выкананы і гэты загад, хаця некаторае здзіўленне выклікаў.

На другі дзень, калі калона выпаўзла на роўную і адкрытую мясцовасць, раптоўна з'явіліся самалёты - амерыканскія самалёты! - і абрынулі на спецназаўцаў супрацьтанкавыя ракеты і касетныя, супрацьпяхотныя бомбы. За самалётамі «закарагодзілі» верталёты, якія «зачышчалі» недаробленую работу.

У гінуўшых амерыканскіх салдат выклікала жах не столькі немінучая смерць, колькі тое, што іх знішчалі свае ж таварышы па зброі, якія лічылі іх за праціўніка.

- Спыніцеся! Мы - свае! Гэта памылка! Мы - амерыканцы! - ляцелі ў глухое неба апошнія крыкі маладых салдат.

 

* * *

 

6 верасня 2005 года Японія апранулася ў белы жалобны колер - адзначалася шасцідзесятая гадавіна варварскага бамбавання горада Хірасімы. Тады амерыканская атамная бомба была скінута на галовы дзяцей, жанчын - усіх мірных гараджан, пакінуўшы ад іх жывой плоці і крыві толькі цені на асфальце і на ацалелых абломках сценаў.

Але разам з выбухам той бомбы адбыўся яшчэ адзін, толькі ўжо нябачны жах - у кроў некаторых палітыкаў трапіў жудасны, небяспечны ген - ген атамаманіі. Ён, нібы жывучы і разбуральны вірус, вось ужо дзесяцігоддзі блукае па крыві амбіцыёзных палітыкаў, шукае найбольш слабае месца і, нарэшце, знаходзіць яго - угрызаецца ў кару галаўнога мозга чалавека. Хвароба працякае скрыта, але і адзін чалавек, яе носьбіт, уяўляе небяспеку для ўсяго чалавецтва...

Выступіўшы з прамовай на жалобнай паніхідзе ў Хірасіме, прэм'ер-міністр Японіі Накасонэ сеў у самалёт і адляцеў у Вашынгтон.

У крыві прэм'ера, як і ў крыві кожнага японца, жыў іншы ген - ген самазахавання, які асабліва адчуваецца 6 і 9 верасня - у дні атамных бамбаванняў Хірасімы і Нагасакі.

Вось і сёння Накасонэ разумеў, што, з этычных меркаванняў, візіт у Вашынгтон трэба было б адкласці, але, улічваючы крохкасць сучаснага міру, рашыў, наадварот, выкарыстаць жалобнасць гэтай даты ў мэтах ацверазення свайго сябра і саюзніка...

Сустрэча лідэраў дзвюх дзяржаў не клеілася. Японскі прэм'ер выказаў асабістыя спачуванні амерыканскаму Прэзідэнту па загінуўшаму сыну, а Прэзідэнт - свае спачуванні японскаму народу за тыя ахвяры шасцідзесяцігадовай даўніны.

Нарэшце Накасонэ перайшоў да галоўнай тэмы:

- Спадар Прэзідэнт! Нашы продкі казалі, што вецер здольны абляцець вакол Зямлі і набыць моц буры, - гора таму, хто гэтага не ўлічвае...

- Я разумею Вашу занепакоенасць, спадар прэм'ер... Але той вецер, які вы маеце на ўвазе, даўно сціх.

- Паважаю Вашу думку, спадар Прэзідэнт, але пагадзіцца з ёй не магу, бо менавіта той вецер сёння набірае моц. З ветрам змагацца лягчэй, чым з бурай...

- Магчыма, спадар прэм'ер, другому субяседніку я адказаў бы больш рэзка, а Вам я спачуваю, бо аднойчы напужаны чалавек баіцца свайго ценю ўсё жыццё.

- У Японіі занадта многа ценяў, якія застылі назаўсёды... Яны далучаюцца сёння да майго голасу, і не чуць іх нельга! Я ўпэўнены, што дастаткова аднаго Вашага слова, спадар Прэзідэнт, і вецер сціхне - пачнуцца перамовы. Аднымі ваеннымі намаганнямі, без дыпламатыі, магчыма дасягнуць толькі самазнішчэння.

Амерыканскі Прэзідэнт павысіў голас:

- Вы лічыце мяне галоўным знішчальнікам?! Звярніцеся з такімі словамі да Масквы - магчыма, там Вас і зразумеюць...

Накасонэ адчуў, што яго прапановы не жадаюць прымаць да ўвагі, таму падняўся з месца і пакланіўся:

- А я, спадар Прэзідэнт, адсюль і лячу ў Маскву...

Але Масква, як і Вашынгтон, адгарадзілася ад Накасонэ агульнай рыторыкай. Ген рабіў сваю разбуральную справу.

 

* * *

 

- Спакойнай ночы, дзіцятка! - чулася на адным баку зямнога шара на ангельскай мове. - Няхай прыемныя сны атуляюць цябе і казачныя феі спяваюць да раніцы цудоўныя мелодыі!..

- Добрай раніцы, мая крывінка! - чулася на другім баку зямнога шара па-расейску. - Расплюшчвай вочкі, усміхніся сонейку і зашчабячы сваім анёльскім галаском разам з птушкамі!..

- Якое шчасце! У нашага карапузіка прарэзаліся зубкі!..

- Расці шчаслівым, крошка!..

- Ляці на крылах сваіх мараў!.. - чуліся на блакітнай планеце Зямля галасы ўсіх нацый і народаў...

А ў гэты час з розных бакоў зямнога шара ўзрынуліся ў неба і разразалі гарачымі джаламі паветра сотні ядзерных ракет як асноўны аргумент амбіцыёзных палітыкаў і авантурыстаў.

Чалавецтву заставалася жыць лічаныя хвіліны...



Падрыхтавана: Алесь Хмара

Беларуская Палічка: http://knihi.com