epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Вам бы на баль

Маладыя жанкі,

Прыгажуні-дзяўчаты,

І мужчыны, і хлопцы —

як адзін, як адна,

Хтосьці з фермы ідзе,

нехта з поля дахаты,

Спрацаваныя ўшчэнт

ад цямна да цямна.

 

Кожны з іх —

беспрасветнае працы палонны,

Сілы ўсе, маладосць,

аддаюць толькі ёй.

Ні табе выхадных,

ні палёгкі сезоннай,

Праца — хата... А дома

шмат працы сваёй.

 

З часам, хоць малады,

а прыгорблены плечы,

І хада пацяжэла,

«падціснула хвост».

І мяняецца выгляд

дзявоча-хлапечы,

Толькі ў пашпарце іхні

дакладны узрост.

 

Так было у калгасах,

і так засталося,

Пэўна, так яно будзе

й далей, і заўжды.

У сялянскім жыцці,

ў гаспадарлівым лёсе —

Праца, пот, мазалі,

а без іх нікуды.

 

Важна ўбачыць

За працай любой чалавека,

Ён — заўсёды жыцця рухавік,

Толькі ён.

Вёска наша —

харчовая наша бяспека,

Вёска — наша карміцелька,

ёй наш паклон.

 

Вы, мужчыны й жанкі,

дзецюкі і дзяўчаты,

Ў вёсцы вы — без выгодаў цывільных,

На жаль.

Ў гонар ваш — урачыстасці

й даты, і святы...

Вам бы фракі і шпількі

ды з фермы на баль.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.