epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Вампіры

Штоноч брыдота лезе ў сны,

А сны — рукой не адхінуць:

Вакол вампіры, і яны

Крыві хоць кроплю смактануць.

 

He, гэта не крывавы вір,

А спадцішка капаюць дол.

Нераспазнаць, хто з іх вампір,

Бо кожны з выгледу — анёл.

 

І як адрозненне знайсці,

(Чужыя думкі — цёмны лес)

Калі мы побач па жыцці

Ідзем, сябруем — згода спрэс?

 

Сяброўства — творчасці выток,

Чытаю іх тварэнні — цуд!

Ды раптам бачу свой радок,

А то і больш — то там, то тут.

 

Мне горка й сорамна за іх...

Упэўнены і сёння я,

Што думак вольных, нічыіх

Няма — у кожнага свая...

 

Прачнуўся з мокраю спіной

І цешуся — адхлынуў сон,

Што светлы дзень перада мной,

А значыцца, вампіры — вон.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.