epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Варажба на картах

Раскіну карты —

Паваражу сабе,

Магчыма, штосьці

ў будучым убачу.

Хоць мала ісціны

ў карцёжнай варажбе.

Што я губляю?

Рызыкну на ўдачу.

 

У калодзе картаў —

таямніцы многа

Ды з іх павінна

спраўдзіць хоць адна.

Дзевятка пік —

далёкая дарога...

Ого! Адкуль яна?

Куды яна?

 

А вось і дама!

Не стрымаць азарту!

А хто ж за ёю

паспяшае ўслед?

Наступную кладу

з ёй побач карту —

Вале-е-ет...

А я ж даўно ўжо не валет.

 

А я ж кароль —

сівы і забубённы,

Сябе шукаю,

як цыганка тая.

Храстовы туз?..

А гэта ж дом казённы,

Яго мне сёння

толькі не хапае.

 

Навошта ён мне

гэты дом? Навошта?..

Тут падыйшла

з паперамі нявестка.

— Забрала я

З паштовай скрынкі пошту —

Вось вам тут

у міліцыю павестка.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.