epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Варажбітка

Існуе ўстойлівае перакананне, што толькі жанчыны менцяць языкамі налева і направа. Маўляў, баба яна і ёсць баба, што з яе ўзяць? Жанчыны гэта чамусьці не аспрэчваюць, і памылковае перакананне вандруе з веку ў век, абрастаючы новымі досціпамі мужчын.

Але хопіць! Я, як чалавек, што ведае праблему «з сярэдзіны», бяруся паказаць адваротны бок медаля, за які з пакалення ў пакаленне хаваюцца мае браты-мужчыны. Нават увесь бок медаля паказваць не трэба, даволі асвятліць маленькую кропачку, каб усталяваць, як цяпер кажуць, парытэт між дзвюма паловамі чалавецтва. Я сёння выступаю як сведка і гатовы на самым высокім судзе прысягнуць, што буду казаць праўду, адну праўду і толькі праўду!

 

* * *

 

Мужчыны збіраліся ў вольны час кожны дзень і дэталёва смакавалі тэмы, якія ў пісьмовым выкладзе мелі б грыф «сакрэтна». А паколькі на вусны пячатку не паставіш, языкі мужчын абсмоктвалі ў гэтых сказах-пераказах і пярчынкі, і разынкі, і самыя колкія вастрынкі.

Адзін з гэтай кампаніі, Міцяй Балбатун (сёння гаворка толькі пра яго), вяртаўся дамоў і, кладучыся спаць, качаўся ад рогату, расказваючы жонцы «апошнія навіны». Пры гэтым выкладваў такія дробязныя дэталі, такія далікатныя інтымнасці сямейнага жыцця вяскоўцаў, што Балбатуніха, не будучы дурніцай, хуценька накіравала каштоўную інфармацыю ў рэчышча сваёй выгады. Яна ўзяла ў рукі карты, абвясціла сябе варажбіткай і хутка зрабілася знакамітасцю. Бывала, ля дзвярэй яе хаты стаяла чарга жанчын.

Сам Міцяй і не здагадваўся, што поспех яго жонкі Марфы хаваецца ў ім, бо ні разу не чуў, пра што гавораць сам-насам варажбітка і зацікаўленая асоба.

Неяк пасля чарговай мужчынскай зборкі Міцяй зноў качаецца па пасцелі і рагоча:

— Ой, Марфа, сёння жывот можна было падарваць ад смеху! Міхасёва Гэлька свае рапятузы раніцай спрасонку нацягнула навыварат. Міхась гэта ўбачыў і замест таго, каб падказаць, змазаў жонцы па вуху:

— Хочаш, каб усё жыццё павярнулася шыварат-навыварат?!

А прыкульгаўшы дамоў з працы, даў ёй у другое вуха:

— Пасля тваіх сподніх вывертаў я нагу падвярнуў!

Сеў тады Міхась піць чай, а бедная Гэлька пасля вухатэрапіі замест цукру незнарок падсунула яму соль. Залямантаваў Міхась:

— Яшчэ раз падсунеш соль, палезеш спаць на столь!..

І паліліся з Міхасёвых вуснаў жонцы ў вушы розныя сямейныя дробязі чужога жыцця, слухаць якія нават Марфе было не зусім прыстойна. Але як казаў адзін кінагерой: «Прафесіён дэ фуа!»

На наступны дзень бяжыць бедная Гэлька да варажбіткі:

— Марфачка, раскінь карты! Што там паказвае? Мой жа Міхась...

— Не трэба! Маўчы! — спыняе варажбітка суседку.— Няхай карты скажуць мне пра звіліны твайго лёсу.

І Марфа раскладала карты, моршчыла лоб, уздыхала і охала над імі. Гэлька заломвала рукі, пакусвала рог хусткі, згарала ад нецярпення.

Нарэшце варажбітка хапілася за галаву:

— Ага! Бачу! Што ж ты нарабіла, дурная?

— Што там? — з жахам ускочыла суседка.

Марфа сурова глядзела на пакутлівы твар Гэлькі:

— Навошта ты раніцай уздзела рэйтузы навыварат?

Гэлька ледзь не млела:

— Святы Божа! Тваім картам гэта ўжо вядома!.. А што там далей? Што яшчэ яны ведаюць?

— Яшчэ? Зараз пабачым! — І Марфа зноў моршчыла лоб.— Бачу аплявуху! Па якім табе вуху змазаў Міхась?

Гэлька разгублена паказала на левае вуха...

— Далей распавядаць? — пытаннем абвастрае інтрыгу варажбітка.

— Не ведаю,— ледзь выдыхнула Гэлька,— я ж ніколі не думала, што карты пакажуць такое...

— Ну? Казаць далей? — перапытвае Марфа.

— Кажы,— здалася Гэлька.

— Гэтая карта,— і Марфа парнула пальцам у першую, якая трапіла, карту,— гэтая карта паказвае нейкае калецтва... Ці здаровы твой Міхась? Ці не скруціў часам нагу?

Гэлька застагнала:

— Хопіць! Болей не магу чуць! Твае карты як у люстэрка глядзяць!

— Дык што з тваім Міхасём? — самазадаволена спыталася варажбітка.— Я не памылілася?

— Ой, Марфачка, скруціў нагу і змазаў мне па гэтым вуху...

— Магла і не казаць! Вось гэты валет расказаў мне пра другое вуха.

Гэлька стомлена ўстала з лавы і, апусціўшы галаву, падалася да дзвярэй, пакінуўшы скрутак з аддзякаю.

Марфа пераможна хмыкнула і наўздагон запыталася:

— А пра соль замест цукру нічога даведацца не хочаш? Як сабе хочаш.

Гэлька з жахам азірнулася на Марфу:

— Чары! Нейкія чары!.. Я лепш пайду... Я баюся далей слухаць...

Ужо ў расчыненыя дзверы Марфа крыкнула:

— Ідзі, ідзі, толькі не ўздумай спаць на столі, бо коўдра будзе звальвацца!

За дзвярыма пачуўся крык:

— Барані Святая Заступніца!.. Ратуй!

Марфа засмяялася і раскруціла скрутак з падарункамі.

Вечарам Міцяй прынёс жонцы новую інфармацыю, ад якой нават кот на прыпеку пачырванеў і накрыў вушы хвастом.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.