epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Варона

Бяскрылая, бясхвостая варона

Мяне чакала з ранку да цямна,

Бо толькі я карміў яе штодзённа,

І давярала толькі мне яна.

 

Затойваўся ля дрэва нерухома

Бездапаможны і жывы камяк.

Хто так яе параніў, невядома,

Хто і за што яе знявечыў так?

 

Я ў гэта верыў,

Сёння — болей веру:

Ўзаемасувязь між жывымі ёсць.

Я ад яе, птушынага даверу,

Ў душы адчуў няведамае штось.

 

Што адчуваю у душы цяпер я,

Прыйшоўшы ранкам да яе з ядой?..

Яна ляжала...

Побач кроў і пер’е —

Яна не размінулася з бядой.

 

Пасеяна тут жорсткасці насенне,

Я сустракаўся не аднойчы з ім.

Што ж, на зямлі даверу стала меней,

Якога не хапае нам усім.

 

Жыву прыгнечана, жыву натхнёна —

Сусвет наш шматгалосы, не нямы...

Як добра, што на свеце ёсць вароны

І салаўі, і матылькі, і мы.

31.01.2017


31.01.2017

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.