epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Вартаўнік

Бязгрэшным быць зусім няпроста,

Спакусы ліпнуць, як кароста,

Яны ля кожнага, як цень.

І мы, што маем тое й маем,

Напой спакуслівы прымаем,

Як лекі, ледзь не кожны дзень.

 

А рай, каб менш было бяды,

Закрыць, няхай не назаўжды,

На нейкі час для пераўліку.

Бо ў рай цішком пралезла шмат —

Хто д’яблу брат, хто чорту сват,

Хтось меў ва ўладзе чын вялікі.

 

А я не жыў на іх манер,

Паколькі я пенсіянер,

Усё зраблю, каб зменшыць шкоду.

Адкрыта я, а не цішком

Ўладкуюся вартаўніком,

Няхай не ў рай, а ля ўваходу.

 

О, не пералічыць дзялкоў,

У рай яны палезуць зноў,

Як пры пасадзе, да карыта.

Дзялкі знаёмыя ўсе мне,

Ніводзін з іх не прашмыгне

Па блату ці з анкетай-«ліпай».



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 14. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2021. - 376 с.