epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Вартаўнік

На варце сумлення

стаяць неабходна —

Павінен не гаснуць

сумлення маяк,

Каб наша жыццё

не мінула бясплодна,

Каб нашы гады

не прайшлі абы як.

 

Быць пільным

на варце сумлення — ухвальна,

Каб ганьбай не стала

жыцця каляя,

Каб не вытыркалася

маніякальна,

Дзе трэба, дзе не,

ганарыстае «я»...

 

Якая памылка!

Якое здзіўленне!

Хто лепш нам падкажа,

як правільна жыць?

Дык гэта ж яно,

наша з вамі сумленне

На варце паводзінаў

нашых стаіць.

 

Мы ўсе, без сумлення,

згубілі б дарогу

Да велічных мэтаў,

прыйшлі б у тупік.

Дык дзякуй жа нашаму

мудраму Богу,

Што сочыць за намі

такі вартаўнік.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.