epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Вася

Як супярэчыць Бог —

Ён ажывіў твой лёс.

Тады,

Калі жыццё з цябе збягала.

Душою ты ўскрыяў,

І ты у шчасці рос,

І ты ажыў,

Пражыўшы вельмі мала.

 

Чамусьці ад цябе

Бог адвярнуўся ў бок,

Хаця душа твая —

Чысцей самоты.

Ты — сонейка душы —

Пражыў адзін гадок,

Ўсяго гадок

Сардэчнасці, пяшчоты.

 

І вось ты — у зямлі.

Дарую табе, Бог,

А калі шчыра мовіць —

Не дарую.

Ён крылцы разгарнуў,

Ён жыць і жыць бы мог...

Ён ува мне жыве —

Я сэрцам чую.

 

Хоць ты над намі, Бог,

Васі́лькі выстыў след,

А ён жыццё

Сабою упрыгожваў.

Такой душы няма

На ўвесь твой Божы свет —

Ці ты аслеп?

Аглух?

Ці абязбожыў?

 

Вядома мне, на жаль,

Па кім жалобны звон,

Ён дорыць Васількý

Жалобу тую.

Чым больш у свеце іх,

Пакрыўджаных, як ён,

Тым меней, Бог,

Цябе ў сабе я чую.

4 жніўня 2019 г.

Загінуў Васілёк



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.