epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Васілю Быкаву

Ён не згарэў у полымі вайны,

Хаця зямля гарэла, паднябёссі,

Хоць білі кананады-перуны

Прамой наводкай па ягоным лёсе.

 

Ці ведаў маладзенькі лейтэнант,

Які й тады меў званне чалавека,

Што з «вертыкалі» нейкі дылетант

Яго пяру «укажа» праз паўвека?

 

Што ў сэрца выльюць зверху гарчыню,

Бо ім сумленне не аддаў ва ўласнасць?

Што будзе, як калісьці вышыню,

Абараняць свой погляд на сучаснасць?..

 

Быў строгім да яго дваццаты век,

А ён — трымаў удары, не хістаўся,

Бо жыў у ім з маленства чалавек —

І чалавекам назаўжды застаўся.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.