epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Вастрыня пачуццяў

У маладосці вастрыня пачуццяў

Вастрэй, чым нож, чым зроку вастрыня,

Кажуць, вастрэй, чым цішыня ў бязлюддзі,

Чым самых вострых думак глыбіня.

 

І нават успрымае пахі, гукі,

Па-свойму востра час наш малады.

І толькі... толькі роднай маці рукі

Ласкавыя да нас ва ўсе гады.

 

Ўсё гэта так, ды не зусім бывае,

Не мала можна прыкладаў знайсці,

Калі душа, і ў горы, маладая

Больш бесклапотна скача па жыцці.

 

Расце спачатку й яблынька бясплодна

І не захоча без пары цвісці.

Вось так і маладосці неабходна

Да адчуванняў вострых дарасці.

 

І перажыць хоць раз бяду чужую,

Як гора лёсу ўласнага свайго.

Той сэрцам боль чужы хутчэй адчуе,

Хто сам хоць раз бы перажыў яго.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 13. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 480 с.