epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Вавёрачкі у скверы

Вавёрачкі у скверы гарадскім —

Прыгожа гэта і ненатуральна.

О, як складана выжываць тут ім,

У тлуме гэтым чадным, неспрыяльным.

 

На жаль, зіму перажывуць не ўсе,

Хоць добрая душа ім дапаможа —

То семак, то арэхаў прынясе,

А чэрствая душа пакрыўдзіць можа.

 

Як ім пазбегчы сціснутасці шор,

Каб вольны ад няволі не залежаў?

А ім бы ў лес, у лекавы прастор,

Дзе ні будынкаў, ні машын, ні межаў.

 

Хаця і ў лесе іх — радзей, радзей,

У лесе, дзе, здаецца, жыць ім вольна,

Бо чалавек — прыроды «дабрадзей»

Ссякае пад сабою сук няўмольна.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.