epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Важная карова

Паехалі дзед з бабай на базар прадаваць карову. Не таму, што карова была благая, а таму, што не было ўжо сіл у дзеда касіць сенажаці ды рыхтаваць на зіму сена. Старая таксама, бывала, сядзе на зэдлічак даіць карову ды і прыдрамне. Чакае, чакае бедная жывёліна, калі ж гаспадыня да вымя хоць дакранецца, не дачакаецца і пойдзе з хлява на выган. Прачнецца баба, зірк у даёнку, а яна пустая.

Дома дзеду скардзіцца:

— Перастала наша Красулька малако даваць зусім. Вось, з пустой даёнкай прыйшла. І хоць шкада яе, а прадаваць прыйдзецца.

Крыўдна кароўцы ад такіх слоў. А паколькі размаўляць яна не ўмела і падаіць сама сябе таксама не магла, ішла яна зараз за сваімі гаспадарамі няведама да каго.

На базары пакупнік знайшоўся адразу, бо Красуля была яшчэ маладая і даволі гладкая.

— Колькі хочаце, старая, за сваю клячу? — гукнуў ён да дзеда і бабы.

Дзед вымкнуўся першы:

— Сто рублёў!

Баба ажно падскочыла на возе.

— Дзвесце!

Пакупнік не зразумеў:

— Дык сто ці дзвесце?

— Я сказала дзвесце! — не адступала баба.

Дзед ціскануў плячыма:

— Я б і на сто згадзіўся...

Пакупнік зноў пачуў:

— Сто!

— Дзвесце!

— Сто!

— Дзвесце!

Паколькі Красуля варта была і больш, чым нават дзвесце рублёў, і пакупнік гэта добра разумеў, ён сунуў бабе ў рукі дзвесце рублёў, сам за вяроўку, якая была на шыі Красулі і падаўся з ёй прэч.

Едуць старыя дамоў, цмокаюць на коніка, абураюцца:

— І што гэта мы нарабілі? Такую спраўную кароўку збылі. Без яе, хоць дамоў не едзь.— прычытае баба.

Дзед згаджаецца:

— А я што, зломак? І сена магу яшчэ назапасіць, і хлеў вычысціць. Жывую душу за нейкія паперкі аддалі. Век зжываем, а не паразумнелі.

— Сіротамі мы зрабіліся з табой, стары — усхліпнула старая. Затым, відаць, каб змяніць настрой, пачынае пілаваць дзеда:

— Уторкнуў ты свой доўгі язык упоперак маіх намераў. Я ж хацела патаргавацца ды падняць цану вышэй, ажно да трохсот рублёў.

Дзед адчуў, што трэба неяк ратавацца, бо загрызе яго жонка, пакуль даедуць дадому.

Стары хітруе:

— Навошта ж ты схапіла дзвесце рублёў? Я ж меркаваў так: мае сто рублёў, што я запрасіў, і твае дзвесце, што ты запрасіла, мы складзем — вось і будзе трыста. Так што свой язык я ўторкнуў правільна, а ты ў камерцыі нічога не разумееш.

Старая разгубілася:

— Глянь ты... Дык сапраўды ж атрымлівалася трыста рублёў... Дзе былі мае мазгі? Можа, вернемся?

— Шукай яго цяпер! — уздыхнуў дзед, а сам у душы радуецца, што так спраўна адбрыкаўся ад старой.

Раптам ён схамянуўся:

— Ты ж схапіла грошы, не лічачы, жменяй. Там я бачыў былі і дробныя, і розныя. Пералічы!

Дзед спыніў каня і чакаў, пакуль жонка разбярэцца з фальбонамі спадніцы і дастане грошы.

Старая доўга корпалася ў сваіх «парадных» і сподніх спадніцах, нарэшце глуха прастагнала:

— Няма грошай... Мусіць згубіла...

Дзед спрытна памкнуўся да жонкі:

— Дай я пашукаю!

— Цябе толькі тут і не хапала. Што я сваіх спадніц не ведаю? Сказала, няма грошай, значыць няма!

— Разява! Варона! — абурыўся дзед,— Табе хоць дзвесце, хоць тысячу рублёў давай, адна трасца. Во з’ездзілі на базар, дык з’ездзілі. Ні каровы, ні грошай. А ў дадатак да ўсяго, не давядзі Гасподзь, даведаюцца аднавяскоўцы, праславімся на ўсю губерню. Цьфу!

Баба сядзела моўчкі, як мыла з’ела. Ды і што тут скажаш — вінаватая.

Раптам з-за павароту дарогі паказаўся той пакупнік, які вёў за сабой на вяроўцы Красулю.

Старыя, як па камандзе, па маладзецкі скокнулі з воза і — да пакупніка.

Але той іх апярэдзіў і дзівіцца ўголас:

— А-а, дык мы з вамі, аказваецца адной дарогай кіруемся. Вось не спадзяваўся вас болей убачыць.

— А мы спадзяваліся! — ў адзін голас усклікнулі старыя.— Толькі пра цябе і думалі.

Незнаёмец дзівіцца яшчэ болей:

— А навошта я вам так патрэбен? Мы ж з вамі, згодна тэорыі Маркса ўсё зрабілі чэсць па чэсці: тавар-грошы-тавар. Што яшчэ трэба?

Старая падскочыла да пакупніка.

— Не ведаю, што там выдумляе твой Марк, а ў нас тут, толькі тавар ёсць — наша Красуля, а грошай няма.

— Што, паспелі прапіць? — з’ёрнічаў незнаёмец,— Але ж вы цвярозыя.

— Ты хвастом не круці,— насядала баба,— мы грошы згубілі, а ты іх знайшоў.

— Я?! — зачырванеўся пакупнік. Як вам такое магло прыйсці ў галаву?

Тут ужо не стрымаўся і дзед:

— А так! Нас ніхто на дарозе не абганяў, а след за намі ішоў толькі ты. Так што, вярні нам нашы грошы!

— А вы іх, магчыма, на базары пасеялі,— не здаваўся новы гаспадар Красулі.

Баба ўдакладніла:

— Я, выязджаючы за горад, мацала іх, яны былі пры мне. Вярні, чалавек, грошы і жыві з Богам, інакш перад суддзёй адказваць будзеш.

— Ха-ха-ха! — зарагатаў незнаёмец,— і як гэта ваш суддзя дакажа, што я знайшоў грошы? Хадземце да суддзі, я ажно згараю ад цікаўнасці.

Раённы суддзя выслухаў абодва бакі і ўдакладніў, звяртаючыся да пакупніка:

— Вы заплацілі ім дзвесце рублёў за карову?

— Так, грамадзянін суддзя!

Затым суддзя звярнуўся да старой:

— Вы атрымалі ад яго дзвесце рублёў?

— Так, таварыш суддзя!

Суддзя працягваў допыт:

— Вы, шаноўная кабета, сцвярджаеце, што дзвесце рублёў згубілі?

— Так, таварыш суддзя.

Суддзя звярнуўся да пакупніка:

— А вы сцвярджаеце, што грошай не знаходзілі?

— Так, грамадзянін суддзя, не знаходзіў.

— Так, не знаходзіў ці не, не знаходзіў? — перапытаў суддзя.

Незнаёмец зачырванеўся:

— Не, не знаходзіў.

— А ведаеце што? — звярнуўся да яго суддзя,— я б хацеў купіць, дакладней, перакупіць у вас гэтую карову. Можа, дамовімся?

Пакупнік нервова пракручваў у галаве розныя варыянты: «Суддзя штосьці дагадваецца, возьме ды яшчэ прышпіле пакаранне...»

Нарэшце пакупнік, цяпер ужо прадавец, спытаўся:

— А колькі вы даеце за яе?

— Сто рублёў! — не вагаючыся назваў цану суддзя.

Незнаёмец зноў ліхаманкава падумаў: «Дзвесце рублёў я знайшоў, сто рублёў будзе яшчэ — вось і трыста... Ды што я губляю? Сто рублёў чыстага навару».

— Згодзен! — згадзіўся незнаёмец,— Карова ваша!

Суддзя ўсміхнуўся:

— Карова не мая і не ваша, а гэта карова належыць вось гэтаму дзеду і гэтай бабе.

— Чаму? — падскочыў незнаёмец,— Я за яе заплаціў дзвесце рублёў!

— Вы іх, гэтыя грошы знайшлі і прысвоілі сабе. Хіба ж можа чалавек, які заплаціў за штосьці дзвесце рублёў, прадаць гэта штосьці за сто? І потым: вы ўвесь час называлі мяне «грамадзянін суддзя». Кажуць жа — на злодзеі шапка гарыць. Так што, калі не хочаце афіцыйнага судовага расследавання і, як вынік, пакарання, вярніце старым іх карову, бо грошы, якія вы знайшлі, яны ў вас ужо не возьмуць. Вашы грошы — брудныя.

У цудоўным настроі вярталіся дамоў дзед і баба, якія былі вельмі рады, што Красуля засталася з імі.

Дзед паціху накошваў за лета сена, а баба болей ніколі не засынала на зэдліку і кожны раз з гонарам казала дзеду:

— Добра што не прадалі такую важную карову, вось, поўную даёнку малака дае!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.