epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Вядомасць

Па гараскопу я — блізнец —

Таленавіты, знакаміты,

І жнец, і на дудзе ігрэц,

Вядомы ўсім і п’яна-сыты.

 

Прароцтваў і прыкмет — букет.

Усё тут — слава і маёмасць.

Ды добра, што з усіх прыкмет

Адна хоць спраўдзіла — вядомасць.

 

Не, не прыцягваў я штокрок

Натоўп людзей, як стол той шведскі,

А пазнае мяне Пушок,

Сабака, сябар мой суседскі.

 

Малютка, лепшая з кароў?

Заўжды насустрач мне рыкае.

Каты, сабакі ўсіх двароў —

Па-свойму кожны сустракае.

 

Такой душэўнай, як мая,

Вядомасці жадаю многім.

І за яе удзячны я

Сваім сябрам чацвераногім.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.