epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Вядуць у Рым не ўсе дарогі

Перада мной — Еўропы карта...

Ці ўсе вядуць дарогі ў Рым?

Не! Бо адна бяжыць упарта

Да той зямлі, дзе рос малым.

 

Дзе спасцігаў азы сялянства

I мудрасць продкаў — з першых год,

Дзе беднату лічыў за панства,

Калі трапляла бульба ў рот.

 

Мінулага рознагалоссе —

I мамін спеў, і плач нябёс,

I боль зямлі —

Я з гэтым зросся,

Я гэта праз жыццё пранёс.

 

Не, не нясуць удалеч ногі,

У Рым, дзе тлуста дні гудуць.

Мяне сцяжынкі ўсе, дарогі

Сюды — ў Карпілаўку вядуць.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.