epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Вялікая адказнасць

— Ў нашай вёсцы вечарынка,

Больш таго, у нашай хаце.

Ты ж не асаромся, сынка,

Танчы годна — кажа маці.

 

Я, й без слоў маёй матулі,

Разумеў падзеі важнасць.

Вечарынка — вам не гулі,

А вялікая адказнасць.

 

Вечарынка — час спакусаў,

Смеху, выкрунтасаў, жартаў,

Незласлівых кпін-падкусаў,

Ухажорыстасці шпаркай.

 

Калі выпіў — не раскіснуць,

Хай Бог крые, не упіцца.

Ну а як жа не прыціснуць

Прыгажуню-маладзіцу?

 

Рот свой — носьбіт перагару,

Не разяўліваць расхлябна.

А як дасць гармонік жару,

Танчыць без крыўлянняў, зграбна.

 

«Будзьце, дзеткі, ўсе, як людзі»,—

Раяць так усе матулі

А ці гэтак яно будзе?

Дзе вы бачылі і чулі!

 

Не ўтрымаліся і вы бы,

Нават у любым узросце.

Вечарынка — гэта выбух

Спрацаванай маладосці.

 

Тыдзень — праца, праца, праца,

Ўсіх камечыць, як кудзелю.

Эх, хутчэй бы дачакацца

Вечарыначку ў нядзелю.

 

Знік ён, перастаў няволіць

Тыдзень працы апастылы.

І цяпер шчыруе моладзь,

І адкуль бяруцца сілы!

 

Выбачайце нам, матулі,

Сёння ў танцы вольнасць з намі.

Мы сябе людзьмі адчулі,

А не толькі працаднямі.

 

Заўтра зранку нашы лёсы

У хамут палезуць зноўку —

Хто за вілы, хто за косы,

Хто за плуг, хто за рыдлёўку.

 

Гэтак — да нядзелі новай —

Ў баразне, ў гнаі, ў пракосе.

Цяжка моладзі вясковай

І незáйздрасна жылося.

 

Эх, лістай жыццё, штодзённік,

Не шкадуй для шчасця часу.

Рэзні полечку, гармонік!

Біце ажно ў столь, абцасы!

1957—2020 гг.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 13. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 480 с.