epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Вялікае мінулае

Мінулае... Вялікае мінулае,

Здаўна з табой знаёмы не агулам я,

 

А лёсамі вялікімі асобнымі

І незвычайна значнымі асобамі.

 

Мінулае... Вялікае мінулае,

З табой душа свядомая і чулая.

 

Высвечваеш памылкі нашы моўныя,

Натхняеш нас на подзвігі духоўныя.

 

Мінулае... Вялікае, незгаслае,

Трымаеш на сабе жыццё сучаснае.

 

Ў палоне ты чакання шматгадовага —

Калі народзім мы прарока новага,

 

Калі нарэшце мы з гнязда уласнага

У свет акрылім песняра сучаснага...

 

Агульныя развагі — тайнаў сховішча,

Ніводнага не называю прозвішча,

 

Бо ўсе, як ні лічы, не пералічацца,

Сто назавеш, а застанецца тысяча.

 

Вядома нам усім сваёй элітнасцю,

Сузор’е наша слынных знакамітасцяў,

 

Уросшае ў гісторыю карэннямі,

Славутае сваімі дасягненнямі.

 

Мінулае... Пашаннае, вялікае,

Яно увышыню, наперад клікае,

 

Яно — арыенціры, вехі значныя,

Яго нашчадкі, мы яму удзячныя.

 

Як важна, каб яго мы шанавалі

І не заснулі, як на п’едэстале.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.