epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Вялікі свет — і гора не малое

Я акраплю Акропаль захапленнем

І выкажу надзею Калізею.

 

Паспачываю шчыра Нотр-Даму,

Ў Пампеі прынясу пачуццяў гаму.

 

Душу рассею па усіх святынях,

Па Куліковым полі і Хатыні.

 

Па Піскароўскіх могілках пакутных,

Па лёсах знаных, чутых і не чутых.

 

Па усіх мемарыялах Вечнай Славы,

Дапамажы мне ў гэтым, Божа Правы,

 

Гісторыю мне ахапіць складана

І душаў шмат у ёй закатавана.

 

Вялікі свет — і гора не малое,

Хачу дапяць да кожнага героя.

 

Мы помнім іх, няхай ім лёгка спіцца,

Ляці і да жывых, душы крупіца.

 

Няхай з табой набудзе памяць сілу —

І ахіні маіх бацькоў магілу.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 13. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 480 с.