epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Вярнуцца б...

Мінулае й сучаснасць можна

Ацэньваць: што каму мілей

Жывецца сёння нам заможна,

Жылося бедна нам даўней.

 

Штодзённая цяжкая ноша —

Пасляваенны горкі час.

Бо бульбіна была раскошай,

А хлеб наведваў рэдка нас.

 

А сёння хлеба шмат і сала,

Прысмакі розныя — штодня.

Ды толькі шчырасці замала,

Ды штось знікае дабрыня.

 

Ды жорсткасці — не размінуцца,

Ды грошы — душ уладары.

І як цяпер не прыхінуцца

Душой да шчырай той пары?

 

Пасляваенны час гаротны

Па-свойму сфарміроўваў нас.

Эх, мне б вярнуцца ў той галодны,

Той халодны, родны час.


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.