epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Вяртанне

Заўжды —

Баліць што у каго,

Пра тое кожны і гавора...

Успомню я

З жыцця свайго,

Свой боль,

На жаль, не без паўтора.

 

Пяцідзесятыя гады...

Надзея,

Боль,

Будоўлі,

Скруха.

Гуляла па зямлі тады

Пасляваенная разруха.

 

А як жылі мы,

Як жылі,

Упрэжаныя у работу,

Абсохнуць

Не было калі

Ад поту

Да другога поту.

 

Ні крам,

Ні электрасвятла,

А радыё —

Ў сне толькі бачыў.

Глядзела з кожнага вугла,

Не проста голь,

Амаль нястача.

 

Харчы —

Вяліся «на нулі»,

Трапляла не заўсёды сала,

«Прысмакі» кожны дзень былі —

Па бульбе

Бульба паганяла.

 

Таму —

Сухотных шмат было,

А я дык напаткаў жаўтуху.

Як я падняўся

На крыло?

Падзяка Богу

Й Святадуху.

 

Жыццё ідзе ў гару,

Ў гару,

І якасць у яго другая.

Я сёння ў рукі хлеб бяру

І памяць —

Ў тыя дні вяртае.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.