epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Вяселле

Дзіўны свет наш Боскі —

Свя́ты і прыгоды.

На вяселлі вёскі

Шчодрыя заўсёды.

 

Дзе жыве каханне,

Шлюбаў там багата.

Вось і красцы Ганне

Бог паслаў Ігната.

 

Хлопец ён вядомы,

З адной вёскі, свойскі.

Ды павестка, з дому

Запрасіла ў войска.

 

Слёз было нямала,

Провады — не свята.

Ганна абяцала

Прычакаць Ігната.

 

А Ігнат храбрыўся

Толькі хмурыў бровы.

Ганне ён бажыўся

Ў вечнае любові.

 

*

 

Дні ішлі і тыдні,

Час з нудой хаўрусіць.

Вось і плёткі-злыдны

Свайго не упусцяць.

 

Слаў лісты ён спраўна,

А затым з прабелам.

Пляткарам цікаўна —

Ці не схаладзеў ён?

 

Распускалі слыхі

(Верце ці не верце),

Што ў балоце ціхім

Завяліся чэрці.

 

І папоўз між хатаў

Слых неспадзяваны,

Што Ігнат ў салдатах

Верне нос ад Ганны.

 

Ганне ўжо залішне

Не даюць прадыху —

Што? Маўчыць? Не піша?

Ні духу, ні слыху?

 

І ад роднай маці

Гэткая ж «падмога» —

Не сядзі ты ў хаце,

Ды найдзі другога.

 

Тут яшчэ ў дадатак,

Як на тое ліха,

Пачала у хату

Лезці Базыліха.

 

Што ні дзень — прыкрочыць,

Што ж, была прычына —

Лезла Ганне ў вочы,

Каб усватаць сына.

 

Быў Захар някідкі,

Як быльнёг між жыта.

Ён лістаў, як сшыткі

Ў Ганнін дом візіты.

 

Нібы госць нязваны,

Ды не без надзёгі,

Распачаў у Ганны

Абіваць парогі.

 

З ім, нібы наседка,

Й Базыліха ў хаце.

— Трэба вам, суседка,

Залатога зяця.

 

У цябе ж дачушка,

Ганначка, як ружа.

Ёй вось Бог прыгушкаў

Залатога мужа.

 

Мой Захар — багаты,

Ён надзейны, просты.

Гэта ж там, салдаты,

Хлопцы-вярціхвосты.

 

І Захар лье вязка

Ў вушы словы-мёды:

— Мне ж для вас не цяжка...

Я ж для вас заўсёды...

*

 

Маці кажа слушна,

Хоць і неўспадзеўкі:

— Ты ж глядзі, дачушка,

Не закісьні ў дзеўках.

 

Вернецца ён з войска,

Ці адчыне дзверы?

Лёс дзявочы коўзкі,

Хлопцам мала веры.

 

Кажуць, лішні трэці,

Каб не стала гэтак.

Дзевак шмат у свеце,

Як у полі кветак.

 

Возьме й не прыедзе,

Хоць спярша маніўся.

Хто ж там знае — недзе

Можа й прыжаніўся.

 

Мо й не раз там запар,

Ты ж тут сохнеш, вянеш.

А душа, не пашпарт,

Ў яе не заглянеш.

 

Ганна уздыхае,

Ўсмешкай квеціць губы:

— Ён мяне кахае

Й майму сэрцу любы.

 

Маці кажа Ганне:

— Абы што гутарыш.

Ты сваё каханне

Ў сагане не зварыш.

 

Гэта не багацце —

Каля боку любы,

Калі пуста ў хаце,

На паліцу зубы.

 

Кажуць жа ў народзе,

З’еўшы процьму солі,

Што каханне пройдзе,

Голад жа ніколі.

 

— Мамачка, прыпомні,

Ты ж сама кахала.

— Маці мяне мала

Дзягай лупцавала.

 

Лупцавала б болей,

Не з тваім я татам

Да заможнай долі

Рушыла б з багатым.

 

Ой, глядзі, паплачаш

З гэным небаракам.

Ад кахання ўбачыш

Толькі кукіш з макам.

 

Уздыхнула Ганна:

— А што кажа тата?

Можа ты зарана

Зганьбіла Ігната?

Маці не здаецца:

 

— Ён табе не пара!

Перакручвай сэрца

Лепей да Захара.

 

У яго й карова,

У яго і свінні.

Што яшчэ другога

Трэба гаспадыне?

 

Паўтаруся, дзітка,

Лёс дзявочы коўзкі.

— Мамачка, ён брыдкі,

Як той пан Быкоўскі.

 

— Што ты, Ганна, скачаш?

Пабаіся Бога.

Ты глядзі, бо страціш

Гэтага і тога.

 

*

 

Слізкі, зухаваты,

Нялюбы дзяўчыне,

Шусь, Захар у хату —

Лёгкі на паміне.

 

Ён — да маці Ганны,

Цмок руку кабеце

— Самы ўсхваляваны

Я на гэтым свеце.

 

У мяне ж карова,

Чулі? Прадацельна.

Я жыву талкова

З думкай аб вяселлі.

 

Я не ладжу гулі

Дня не палайдачыў...

Ой, прабач, Гануля,

Я ж цябе не ўбачыў.

 

У руку, як маці,

Ён і Ганну цмокнуў.

— Вы ж тут будзьце у хаце,

У царкву я скокну.

 

Ажаніцца можна

Нават без кахання.

А вось жыць бязбожна

Будзем без вянчання.

 

Ляснуў ён дзвярамі

Й знік неспадзявана.

З мокрымі вачамі

Засталася Ганна.

 

— Ну, што, мама, скажаш

Ў яго абарону?

Хочаш, каб пайшла я

За яго з разгону?

 

— Як, дачушка, мне тут

Разгадаць сакрэты?

Хто іх разбярэ тут,

Гэтых прайдзісветаў.

 

Гэны, дзесь далёка —

Ні ліста з намёкам.

Гэты хоць пад бокам,

Тут, навідавоку.

 

Што табе надзея,

Ды кахання чара?

Раіла б табе я

Гэтага Захара.

 

Розум, Ганна, ззадзі,

Як хвост у кабылы.

Я скажу папраўдзе —

Ён і мне нямілы.

 

*

 

Думкі ужо зрання

Ў Ганне ўсе абмёрлі.

Для яе вянчанне,

Нібы костка ў горле.

 

Ад нуды аблогі

Уцякла бы ў вырай

Трэба ж перад Богам

Быць праўдзіва-шчырай.

 

Як ёй думку-згубу

Утаіць ад Бога,

Што ідзе да шлюбу

З жаніхом нялюбым?

 

Тут святар Захара

Спытаў прынародна:

— Ганну ўзяць за пáру,

Узяць за жонку згодны?

 

Той ажно падскочыў

Не стрымаў паводзін.

Святару у вочы

Крыкнуў: — Згодзен! Згодзен!

 

— Ну, а ты што, Ганна,

Пахмурнела дужа?

Гэтага вось пана

Згодна ўзяць за мужа?..

 

Цяжка Ганне-красцы,

Што ж яна рашыла?

Не, схаваць не ўдасца

У мяху ёй шыла.

 

Не, свае пачуцці

Ганна не падмане.

З нéлюбам ў пакуце

Жыць яна не стане.

 

Зноў святар кіруе

Да яе увагу,

Быццам бы лупцуе

Ёй па сэрцы дзягай.

 

Як твае намеры?

Што маўчыш халодна?

Хтосьці зычна ў дзверы

Крыкнуў — Не, не згодна!

 

Ўсе аслупянелі,

Глянулі — нікога!

Хто ж перад вяселлем

Баламуціць Бога?

 

І святар пытае:

— Хто сказаў «не згодна»?

— Я — душа святая,

Голас Богаўгодны.

 

Просіць поп: — Не трэба

Тут разводзіць жарты.

— Ўсё я бачу з неба,

Ён яе не варты!

 

Да Ігната ў Ганны

Сэрца прыкіпела.

Ён яе абраны —

Заяўляю смела.

 

Ціха, благачынна

Зноў святар пытае:

— Ганна, адкажы нам,

Хто каго кахае?

 

Ты, як маладзіца,

Растлумач нам тонка —

Згодная зрабіцца

Ты чыёю жонкай?

 

— Чулі ж,— Ганна кажа,—

Голас Богаўгодны?

Ён, Ігнат-прапажа,

Любы мне і родны.

 

Ойца! Выручайце —

Свята й паўнамоцна

Сёння ж абвянчайце

З ім мяне завочна.

 

— Не! Завочна нельга! —

Крыкнуў голас зычны.—

Будзем на вяселлі

Мы ў сваім абліччы.

 

Раптам з-за заслоны

Выйшаў статны хлопец,

Ў форме, пры пагонах —

Сам Ігнат-вайсковец.

 

— Я прашу прабачыць

Жарт мой, веры шкодны

Голас мой нябачны,

Голас Богаўгодны.

 

Мой прабачце опус,

Грахоўныя словы.

Я прыбыў у вотпуск

Хуткатэрміновы.

 

Вы, святар пашанны,

Моцна не карайце.

Лепш мяне вы з Ганнай

Зараз абвянчайце.

 

Пасля заканчэння,

Як міне малельня,

Ўсіх, без выключэння

Просім на вяселле.

 

Будзе там і чарка,

Будзе там і скварка.

Просім, калі ласка,

І цябе, Захарка.

 

*

 

Адгуло вяселле,

Адслужыў Ігнаце.

Хата — не пустэльня,

Шмат дзяцей у хаце.

 

Час не скаламуціў

Лёс сям’і праз чуткі —

Ў сэрцах шмат пачуццяў

І саган паўнюткі.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.