epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Вясенні эцюд

Пародыя

 

Як я баюся вясны!..

А. Зэкаў

 

Сонечны вясенні дзень. Гэткі ж сонечны і бязвоблачны настрой. Нягледзячы на паважаны ўзрост, крочыцца лёгка, акрылена.

О, вясна! Што ты робіш са мной!

Раптам чую за спінай таямнічае і хвалюючае пастукванне жаночых абцасаў: цок-цок, цок-цок!

Мая прыгорбленая спіна міжволі выпрамляецца, стомленыя ногі набываюць пругкасць. Ці магу я калдыбаць перадпенсіённай хадой перад таямнічай незнаёмкай? Ды яшчэ вясной!

О, гэта мілагучнае перастукванне абцасікаў, рытм якога дзіўным чынам супадае з арытміяй майго памаладзелага сэрца!

Можа, азірнуцца? Не! Са спіны я яшчэ нічога. А вось сваім «фасадам» баюся спалохаць нечаканую і таямнічую спадарожніцу.

О, вясна! Як я баюся цябе!

А абцасікі за спінай працягваюць спакусліва і прывабліва пацокваць.

А што, калі яна ідзе менавіта за мной і чакае маёй мужчынскай рашучасці? Так! Так! Ідзе менавіта за мной, інакш даўно б перагнала мяне. Азірнуся! Няма болей моцы стрымліваць сябе. Яшчэ крок ― і азірнуся!

І ўсё ж ― не! Вунь паварот у мой завулак. Калі і яна павярне за мной ― я рызыкну. Я пакажу, на што я яшчэ здольны!

О, вясна! Як я цябе чакаю, як я баюся цябе!

Нарэшце, вось ён, паварот у мой завулак, да маёй хаты. Магчыма, зараз вырашаецца мой лёс.

Сэрца так моцна тарабаніць, што не чую за сабой стуку абцасікаў. Няўжо яна пайшла прама? Няўжо?!

О, шчасце! Чую за спінай не толькі жаданае цок-цок, але адчуваю патыліцай і яе гарачае дыханне.

А вунь і мая хата. Толькі б не было на дварэ маёй, крыху падстарэлай жонкі. Толькі б не сапсавала яна сваёй звягай гэту вясеннюю казку!

Дзякуй богу, ля маёй хаты ― нікога, і я рашуча азіраюся... Азіраюся і слупянею. Цок-цок абмінае мяне і кіруецца да суседняй хаты. Гэта сусед на кані павёз на сваю сядзібу дровы.

О, вясна... Што ты робіш са мной?..



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 4. Аповесці. Апавяданні. Замалёўкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 535 с.