epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

«Вясёлае месца»

Я быў на могілках —

наведаў родных,

Душыла цішыня

Шчымлівым фонам.

О колькі тут

Ляжыць людзей нязгодных

З няўмольным

І няпісаным законам.

 

Сядзеў я тут

і ў кожным успаміне

Перабіраў шчаслівыя гады.

Раптоўна.

Падкацілі на машыне

Мужчыны незнаёмыя сюды.

 

Я зразумеў, як кажуць,

Без суфлёра,

Хоць меў

Уласных думак перабор,

Што іх на могілкі

Прыгнала гора

Што хтосьці з родных

ці сяброў памёр.

 

І сапраўды,

Адразу ж незнаёмцы

Рухавіць пачалі —

туды, сюды.

— Капáць не будзем тут,

тут мала сонца,

А тут нізінка,

будзе шмат вады.

 

Тут дрэваў шмат

і пахмурна здаецца,

Няўтульна будзе тут яму ляжаць.

Зірніце! Вось вясёлае дзе месца!

Адсюль відаць

І рэчка, й сенажаць.

 

Капаем толькі тут

і без прадмоўкі! —

І дружна, нібы іх натхніў анёл,

Ўзялі з машыны ёмкія рыдлёўкі

Й капалі

На «вясёлым месцы» дол.

 

«Во чалавек! —

Адчуў я думкі золкасць,—

Якое ён дарослае дзіця!

Ён хоча даць

апошнюю вясёласць

Таму, хто назаўжды

Пайшоў з жыцця».



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.