epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Вясковыя рыцары

Як жа лёгка памыліцца

Гарымоце-мужыку...

Тут у нас жыве ўдавіца

З краю вёскі — убаку.

 

Прыгажуня, рагатуха

І прыкметная здалёк —

Грэе вока, лашчыць вуха,—

Сэрца кідае ўпрыскок.

 

Мы, мужчыны, жонак цэнім,—

Але ўсе раптоўна тут

Да ўдавіцы сталі ценем

Праслізгаць у ціхі кут.

 

Ды забыліся «гулёні»,

Што галоўны вораг — слых.

Кожны ў вёсцы — на далоні,

Вёска скажа ўсё пра ўсіх...

 

А мужчыны пасля «ласак»

Штосьці хмурымі былі.

Кожны моцна тужыць пасак,

Ногі цягне па зямлі.

 

Я прыкідваю: — He слаба! —

І скрабу сівую скронь...

— Мусіць, там не проста баба,

А маланка ці агонь!

 

Гэта ж трэба так запарыць

І мужчын, і дзецюкоў...

Ну й кахае, ну й штукарыць,

Вось дык баламуціць кроў!

 

Што я, горшы за астатніх?

Я ж яшчэ мужык — ого!

Я ж пражыў, як кот той хатні,

Без усякага ўсяго...

 

Я старанна пагаліўся

І для смеласці — «глынуў».

Так рашучасцю наліўся,

Што ад жонкі... слізгануў.

 

...Але вось пра што гамонка —

Прыкусі язык, чытач:

Як даведаецца жонка —

He дай Бог — тады хоць плач...

 

Адчыняю ў хату дзверы

Да ўдавіцы — мой ты Бог!..

Нібы трапіў да Венеры,

Смак — ад галавы да ног!

 

Вочы — як вуголлі з печы!

Вусны — вабяць, ажно жах!

Нібы з белай гліны плечы!

Грудзі — булкі на дражджах!

 

А ніжэй!.. Я да ўдавіцы:

— Як папасці ў «рай», скажы?!

А яна мне: — Ну й дурніца!

Будзе ўсё табе, мой рыцар,

Толькі ты мне памажы.

 

— Што зрабіць?! Я з неба зоркі

Усе зграбу — любой цаной!

А яна: — Аб чым гаворка?

Лепей выкінь з хлева гной...

 

— Гной дык гной! Відаць, каханне

He бывае без ахвяр.—

Я за вілы — і заданне

Выканаў — гару, як жар.

 

Зноў у «рай» ляцець гатовы,

А яна мне: — Галубок!

Пашчапай вунь тыя дровы,

Ну а потым — жарты ўбок...

 

Я сякеру ў рукі жвава —

І давай крышыць, шчапаць.

Але ж дровы — не забава,

Іх тут — кубаметраў пяць!

 

Чую — пакідаюць сілы,

Я не ў «рай» — дамоў хачу.

Гной, сякера, дровы, вілы

Сталі блытацца ўваччу.

 

Нарабіўся, як шалёны,

Дамантуліўся, узмок.

Стаў ад поту я салёны,

Як у ражцы агурок.

 

Ды і потны, як макрыца,

Трэсак, гною повен рот...

А яна мне ззаду: — Рыцар!

Можа, зробіш новы плот?..

 

Во ўчапілася, халера...

Заўважаю раптам я:

Дык яна і не Венера,—

Жонка ж прыгажэй мая.

 

Дзе тут «рай»? Няма і знаку!

Як разгледзеўся бліжэй —

Дык на ёй не знойдзеш «смаку»,

Хоць глядзі вышэй, ніжэй.

 

Вочы тыя — як у жабы,

Вусны — іх бы мець саве,

Плечы — стогадовай бабы,

Грудзі — нібы фічкі дзве...

 

Ад нахлынуўшых здагадак

Стала цесна ў галаве:

— Вось чаму ў яе парадак,

Хоць зусім адна жыве!

 

Я скасіўся на ўдавіцу

І кажу, абцёршы пот:

— Заўтра новы дурань-рыцар

Будзе тут — і зробіць плот...

 

Я пайшоў... «Наеўся» ласак,

Аж па горла «падгуляў».

Зацягнуў тужэй свой пасак,

Ногі ледзь перастаўляў.

 

*

Дома — падазрона штосьці...

Чысціня!.. Накрыты стол!..

Жонка ціхенька, без злосці

Сустракае, як анёл.

 

— Дзе забавіцца так можна?

Сядзь, паеш, туга мая!

Стаў я бэкаць асцярожна:

— Я... быў, гэта... Сыты я...

 

— Калі так, мой даражэнькі,

Нашчапай мне дроў схадзі!

А ў мяне ж тых сіл — паўжменькі,

Хоць мяне ў зямлю кладзі.

 

Я, як сеў — прыліп да лавы,

Век, здаецца б, не ўставаў...

— Дроў? — раблю я выгляд жвавы,—

Я ж па іх засумаваў!..

 

Зноў я з хаты — за сякеру,

А яна — як сто пудоў.

Мусіць, помсціць за Венеру

Лёс на старасці гадоў...

 

Мне ўжо цяжка й нахіліцца —

Ляп ды ляп... Стагну, кракчу,

Рукі хочуць адваліцца,

Цёмна, мутарна ўваччу.

 

Дашчапаў... А сам — як з ваты...

Сеў з макруткаю спіной...

Тут выходзіць жонка з хаты:

— Любы! Выкінь з хлева гной!

 

— Цьфу ты! Чортавыя пугі!

Згаварыліся яны?

У мяне ўжо без падпругі

He трымаюцца штаны...

 

Як я разабраўся з гноем?..

Ноччу ў сне я ровам роў —

Нада мной ляталі роем

Кучы гною, горы дроў.

 

*

Я апёкся аб «Венеру»...

А сябры як, маўчуны?

Дай жа, думаю, праверу,

Што было ў іх? Як яны?

 

Возім мы аднойчы жыта,

Авадні пякуць — наскрозь!

На мяне сябры сярдзіта:

— Што ты гоніш, нібы лось?

 

Ці ж апошні дзень у Бога?

Мо курнём — глынём дымку?

Дзень вялікі — часу многа,

Адпачнем крыху ў цяньку!

 

He! — кажу. Наш лёс — работа,

Хоць ліецца па спіне...

Мы мужчыны ці блазнота?

Хто мы — рыцары ці не?..

 

Зірк!.. Мае сябры раскіслі...

Чырванеюць, як клапы.

Нават сківіцы адвіслі,

Вочы лезуць на ілбы...

 

— Ты адкуль?.. Ты што?.. Ты — ціха!

Заікаюцца, гляджу.

— Вось цяпер, ядрона ліха,

Сядзем адпачнем,— кажу.

 

І было хоць брыдка, горка,

Загулі тут мужыкі.

Развязалася гаворка,

Як у п’яніцы шнуркі.

 

— Я — касіў!

— Я — клаў падлогу!

— Я — дык студню ёй капаў!

(He адзін я, дзякуй Богу...)

— Ну, а дровы хто шчапаў?..

 

Тут і я зачырванеўся...

Сам сабе я нагадаў,

Як я «ласак» тых наеўся...

А сябрам услых дадаў:

 

— Век не бачыў гэткіх «цацаў» —

Пра каханне — ні гу-гу...

Ну а хтосьці хоць памацаў

За руку ці за нагу?

 

Змоўклі ўсе... Няма гамонкі...

Раптам як зароў Рыгор:

— Ці не заключылі жонкі

З гэнай шэльмай дагавор?!.

 

Здрыгануўся раптам кожны,

Сціснуў вусны і — маўчок!..

Як яршок неасцярожны,

Трапілі мы на кручок.

 

*

Жонка мужам ганарыцца,

Калі мае лад сям’я.

Вось і мне мая: — Мой рыцар!..

— Што?!..— ажно падскочыў я.

 

— Ты адкуль такое слова

Адкапала? Гавары! —

А ў яе прапала мова,

Стала чырваней зары.

 

— Трэба ж так прагаварыцца...—

Кажа ўслых сама сабе...

Я крычу: — Мне слова «рыцар» —

Нібы камень на гарбе!

 

— Ну... не рыцар — малайчына.

Ці ж ты гонар свой згубіў?

Ну, пайшоў... памог жанчыне —

Што ж ты дрэннае зрабіў?..

 

І з пяшчотаю зірнула,

І знайшло душу цяпло...

Што ж, мінулае — мінула,

Што было ўжо — дык было.

 

1992


1992

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.