epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Вясна-сястрыца

Дзіўлюся — і не надзівіцца

Мне на цябе, вясна-сястрыца,

Ты маладзееш праз гады.

У квецені тваёй чароўнай,

З душой, надзей і мараў поўнай,

Раблюся й сам я малады.

 

Я — ад сакавіка да маю

Пяшчоты ад цябе чакаю,

Натхнення і духоўных сіл.

І ты, жыцця-імгнення свята,

Яго адорваеш багата

І нават не шкадуеш крыл.

 

Наперадзе зіма-пустэча,

І кожная з табой сустрэча

Прэч адганяе чорны год.

З надзеяй, без канца, без краю,

Вясна-сястрыца, я чакаю

Твой непаўторны надыход.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 14. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2021. - 376 с.