epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Вечар сіні

Не спяшайся, вечар сіні,

Дагараць самотай-свечкай.

Хутка ліпень параскіне

Туманы над ціхай рэчкай.

 

Плынь ракі нясе кудысьці

Мары аблачын ружовых.

Рыбы плёск шукае выйсце,

Б’ецца па затонах новых.

 

Ластаўкі паветра рэжуць,

Не крануць вады люстэрка.

Як запраўскі канькабежац,

Калаўроціць вадамерка.

 

Я шапчу жыццёвай плыні,

Зазіраю — вочы ў вочы:

«Не спяшайся, вечар сіні,

Саступаць дарогу ночы».


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.