epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Вечар задумлівы

Вечар задумлівы, ціхі, празрысты,

З дрэвамі зноў карагоды вадзіў.

Водгук далёкі, хвалюючы, чысты,

Жыва душу абудзіў.

 

Не адгуло, не прайшло, не адпела,

Кожны ўспамін,— як кругі на вадзе.

Вунь і бярозка насустрач нясмела

Марай з юнацтва ідзе.

 

Родны абшар, прыгажосць векавая,

Штосьці ў душу залятае здаля,

Чую — матуля ў маленстве спявае,

Чую — спявае зямля.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.