epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Вечарынка

Жыло такое слова — «вечарынка»,

Не сурагат сучасны — «дыскатэка».

Яна дарыла водар адпачынку,

Не нішчыла — стварала чалавека.

 

Збіралася заўжды з усёй акругі

Натоўпам моладзь, хто — і ў адзіночку,

Каб танцаваць, але не «бугі-вугі»,

А вальсы, полькі, кракавяк і «ночку».

 

Чуваць здалёк — спявалі галасіста,

Сцякаліся, нібыта з песняў рэчкі.

Старыя бабы чынна і ўрачыста

Займалі лавы, кінуўшы запечкі.

 

Хто з кім? Хто ў чым?..

Усе пад іхнім вокам,

Ці так, ці не выдрыгваеш нагамі?..

I гэтак аж да раніцы, з падскокам,

У іх пад носам круцішся кругамі.

 

Каб не падацца недарэчным, слабым,

Да ста патоў выкладваешся ў танцы,

Бо кожны хоча спадабацца й бабам,

А не адным каханым і каханкам.

 

Назаўтра ж бабы — што за кожным сочаць,

Па вёсках пусцяць слых пра вечарынцаў.

Тады бацькам ці сорам выесць вочы,

Ці можна будзе дзіцем ганарыцца.

 

...Над лесам ранак раздзімаў вуголлі,

Бабуль сустрэлі іх куткі-запечкі.

I паплылі назад па наваколлі —

Па ўсіх напрамках спевы, нібы рэчкі.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.