epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Вечная кніга

Ёсць кніга вечная?

Сцвярджаю смела — так!

Чытаем мы яе,

не ўдумваемся ў гэта,

Пралістваем яе,

то нехаця, то ўсмак,

Па ёй блукаем

ад сюжэта да сюжэта.

 

Яна — энцыклапедыя для ўсіх

Ад веку ў век,

Навукі кладзезь цэнны,

адноўлены і генны.

Зачытваліся ёй —

і першабытны чалавек —

Неандэрталец —

Продак непісьменны.

 

І часу больш прасветленага,

ў працу ўросшы сын,

Ў душы чыёй

пачуцці не памёрлі —

Амаль што непісьменны,

лапцяжны селянін

І пралетарый

З лозунгамі ў горле.

 

Сучаснасць не ў баку —

чытаюць з году ў год

Яе кіраўнікі —

Свайго народу слугі.

І мусіць карыстацца

ёй і сам народ,

Сціскаючы зубамі

лёсу цуглі.

 

А хто ж ён аўтар?

Хто?

Вось гэта дзіва — бач!

А дзіва ў тым,

што аўтар кнігі «класік»,

Пісьменны й непісьменны,

вядомы нам чытач —

Неандэрталец,

Селянін,

Сучаснік.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.