epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Вечная песня

О, якое прыгожае зорнае неба яснай ноччу! Зірнеш на неба і, здаецца, што ты ўжо не на зямлі, а лунаеш між гэтых яснавокіх прыгажунь. Працягнеш руку — і вось яна, зорачка, на тваёй далоні.

Пэўна, такое адчуваюць усе ўлюбёныя ў жыццё і ва ўсё, што нас атуляе.

А якая ўрачыстая цішыня! Прыслухаешся і не разумееш, ад чаго пазвоньвае ў вушах — ад цішыні ці гэта зорачкі, не толькі пераміргваюцца, а яшчэ і мілагучна перазвоньваюцца.

У зорачак сваё жыццё, свой свет пачуццяў. Не выключана, што ў іх і свая, зорная мова. На жаль, ніхто з людзей не валодае гэтай загадкавай, незямной моваю.

Ніхто?! Хочацца верыць, што ўсё ж быў адзін такі чалавек, дакладней, таленавіты і прыгожы юнак. Ён не толькі замілоўваўся зорным небам, але і разумеў — сэрцам разумеў мову зорнага неба.

А адбылося гэта прыкладна сто гадоў таму. Ён, гэты юнак, падчас сваіх светлых мараў яснай ноччу, стаў сведкам цікавай размовы, якая даляцела да яго з бясконцай вышыні зорнага неба.

— Я — зорачка сузор’я Вялікай Мядзведзіцы. Чулі? Вялікай! Нас у сузор’і аж сем блізнятак!

— Падумаеш! Толькі сем,— адгукнулася з глыбінь неба нейкая зорачка.— Я з сузор’я Цяльца. Нас, сясцёр-зорачак у сузор’і не злічоная колькасць!

— А я з сузор’я Скарпіён! Чулі такое?

— Вой, як страшна — Скарпіён! — загаманілі зорачкі з іншых сузор’яў.

— А чулі, ёсць сузор’е Рака? Я адтуль.

— Памаўчала б са сваім Ракам. Гэта таксама страшна.

Хтосьці з зорачак з гонарам прамовіў:

— Вось я з сузор’я Лебедзя. Зайздросна?

— А сузор’е Арыён гучыць не горш Лебедзя! — пачулася ў адказ.

Хтосьці заключыў:

— Лепш адносіцца да сузор’я Скарпіёна ці Рака, чым блытацца ў небе адзінотай-гарымотай,— і ўсе азірнуліся на зорачку, якая трымалася асобкам і ад гэтага яе выпраменьванне выглядала сумным і самотным.

— Затое ў маім святле прысутнічае прыемная ружовасць,— сумна адказала зорачка.

— Каму твая ружовасць патрэбна? — загаманілі сузор’і.— Вунь на Зямлі стаіць прыгожы юнак і пазірае на неба. Бачыш? Думаеш, ён на цябе любуецца? Ты, адзінота, з Зямлі наўрад ці відаць! А мы, сузор’і, бачныя з усіх Галактык!

Паступова ноч саступіла месца раніцы і сонечнаму дню. Зорачкі расталі ў дзённым святле, каб наступнай ноччу зноў упрыгожыць чорны аксаміт неба.

І вось надышла чарговая ноч. Зорачкі з усіх сузор’яў і зорачкі-адзіноты зноў убачылі таго прыгожага юнака, які, як і раней, замілоўваўся прыгажосцю зорнага неба. І кожная зорачка была ўпэўнена, што юнак выбраў толькі яе.

Раптам юнак душэўна і ўзнёсла заспяваў:

— Зорка Венера ўзышла над Зямлёю,

Светлыя згадкі з сабой прывяла...

— Пры каго ён спявае? — захваляваліся прыгажуні ў небе.— Хто яна, адна з незлічоных нас? Каму ён прысвяціў сваю песню?

Усе напружана маўчалі і толькі пераглядаліся. Сціпла маўчала і тая, каму былі прысвечаны юнаком цудоўныя паэтычныя радкі. Яна ад радасці толькі крыху больш паружавела.

Тады зорнае неба сваім мілагучным перазвонам звярнулася да юнака:

— Скажы, калі ласка, чароўны юнак, хто яна? Каму ты прысвяціў свой верш? Дзе тая шчаслівая прыгажуня?

Юнак паказаў на зорачку-самоту, якая была блізкай яго сэрцу і яго лёсу:

— Вунь яна, з прыемным ружовым адценнем! Гэта мая самая любімая — Зорка Венера!

З тае далёкай пары ўсе зоркі, якія толькі запальваюцца на небе, з павагай і зайздрасцю ставяцца да зоркі, якая, хоць і не належыць ні да воднага сузор’я, затое не горш за астатніх упрыгожвае начны небасхіл.

І дзякуючы яе прыгажосці і таленту юнака, сэрцы людзей сагравае цудоўная песня, вечная, як зорнае неба.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.