epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Вечная святыня / 1941–1945

Раптоўна стала ціха на Зямлі,

Спыніліся і справы, і забавы.

Тэлеканалы працу пачалі

He, як заўжды, а з экстрэннай аб’явы.

 

Здавалася, што й сам тэлеэкран

За кожным словам плакаў непрыкметна:

«Пайшоў з жыцця апошні ветэран

Жахлівай той вайны — Другой сусветнай...»

 

Хто? Дзе? Калі? Якой дзяржавы сын? —

У кожным сэрцы трапяталі словы.

Як прозвішча? Няўжо ён быў адзін?..

А ў слове «быў» — заўсёды сэнс суровы.

 

He стала перможцы... І Зямля

Застыла ў нейкім сне зачараваным,

Як быццам жыць збіралася з нуля,

Расстаўшыся з апошнім ветэранам.

 

Свет аб’яднаўся гэтай навіной

І з болем зразумеў маштабы бедства —

Так, быў ён сынам, толькі не адной

Дзяржавы — сынам чалавецтва.

 

...Каб не патухла памяці святло,

У будучыню зазірнуць не шкодзіць.

Было гэта... у невядомым годзе,

Дакладней, будзе... Лепш бы не было.

 

*

Свет новы нараджаў у сэрцы кожным

Далёкі сорак пяты, пераможны.

Трыумфаваў і плакаў сорак пяты

Ад перамогі і вялікай страты.

І хоць святло і цень ляглі на шалі,

Усенародна свята адзначалі.

І радавацца ад чаго было —

Павержана бязлітаснае зло.

Ідзе жыццё рытмічна й арытмічна,

А гэты дзень святкуюць гістарычна,

Вялікі дзень Вялікай Перамогі —

He зарастаюць памяці дарогі.

Вайна далёка, у мінулым дзесьці,

І з кожным годам ветэранаў шэсці

Мацней сумленным людзям сэрцы грэюць,

Ды толькі шэсцяў тых рады радзеюць,

Як пасля доўгай той вайны праклятай,

З якой не ўсе вярнуліся дахаты.

Звані, Сусвет, няспыннымі званамі —

Ўсё меней ветэранаў паміж намі,

Ідуць яны ў апошнюю дарогу,

Свет сірацее — сэрцы б’юць трывогу.

Надыдзе дзень — і нікуды не дзецца,

Калі на ўсёй планеце застанецца

На ўсе народы і на ўсе краіны,

Адзін! Апошні ветэран!

А-дзі-ны!

Ці будзе ён заўважаны, ці не?

Ці чалавецтва гэта праміне

І знікне ён, апошні, непрыкметна,

Як першы паўшы на Другой сусветнай?

А быў ён, першы, на франтах ці ў тыле,

І спіць у першай на вайне магіле...

Як гэта важна ў мітусні штодзённай,

У грамадзе сусветнай шматмільённай

Вялікі подзвіг шанаваць нязменна

І ведаць пераможцаў паіменна,

Бо Перамога — вечная святыня,

Святло яе не згасне, не астыне.

 

*

О, колькі сонца над зямлёю сёння!

Якое неба — сінява, бяздонне!

Які прастор, размах палёў жытнёвых!

А колькі гарадоў і вёсак новых!

Жывуць тут мірна і працуюць плённа,

Упэўнена, духоўна і натхнёна.

He ганарыцца гэтым немагчыма,

Бо гэта — наша светлая Радзіма!

Паспелі адрадзіцца ўсе і ўсюды —

Парыж даўно ачысціўся ад бруду,

Які зваліўся з ботаў акупантаў,

І зноўку у Парыжа выгляд франта.

І Лондан, дзякуй Богу, не загінуў,

Адбудаваўся з попелу й руінаў,

Змагаўся, як салдат сапраўдны, мужна —

І зноў жывуць тут незалежна, дружна.

— Ура салдату-вызваленцу! Слава!

He стрымлівала радасці Варшава,

І памятала, як ад шчасця плакаў,

Уратаваны ад знішчэння Кракаў...

Напэўна, часта сняць часы ліхія

Адноўленыя Будапешт, Сафія,

І прыгажуні Прага й Браціслава —

І зноў салдату-вызваленцу — слава!

Тады салдату выпала на долю

Любой цаной вярнуць Еўропе волю...

Жывуць так вольна, без ярма на шыі

І ў Беларусі нашай, і ў Расіі,

Ва ўсёй Еўропе і за акіянам —

Паклон за гэта нізкі ветэранам,

Хто, без вагання, смерці выклік кінуў,

І памяць тым, хто на вайне загінуў.

 

*

Дзень Перамогі крочыць па Зямлі,

Наперадзе — франтавікі сівыя.

І побач з ветэранамі ішлі

Штогод сябры іх, вечна маладыя.

 

І сёння побач з імі тыя тут,

Каго спаліў вайны смяртэльны подых,

І сёння кветкі й велічны салют

У гонар іхні — і жывых, і мёртвых.

 

У гонар тых падлеткаў і жанчын,

Хто ў тыле фронту ладзілі падмогу.

Усе тут сёння крочаць — як адзін,

Хто набліжаў святую Перамогу.

 

Тут сёння, ў гэтым шэсці ўвесь Сусвет.—

Канцлагераў шматлікія ахвяры,

Тут спаленыя крылы светлых мэт,

Забітыя душы юнацкай мары.

 

У шэсці тут — сумленне ўсіх краін —

Даніна незабыўнай той нягодзе,

І той, апошні, чалавецтва сын,

І страта страт... у невядомым годзе.

 

Ідуць рады былых франтавікоў,

Хоць засталося іх не вельмі многа.

З паклонам чалавецтва з двух бакоў,

За імі — бессмяротная дарога.

2010


2010

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.