epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Вечная жалоба

Я па «зоне» шастаў

з пэндзлем, сумам, болем —

Сустракаўся з лесам,

сустракаўся з полем,

З цiшынёй пякучай,

з плачам навальнiцы,

З горам — на гаротнай,

кiнутай зямлiцы...

Нi дзяцей, нi песняў,

нi руплiвых ранкаў —

Мёртвае зацiшша

каля мёртвых ганкаў,

Мёртвае бязлюддзе

ля дзвярэй распятых —

Кнiгаўка галосiць

па забiтых святах.

Не злiчыць усмешак —

тут закатаваных,

Паламаных лёсаў,

сэрцаў адарваных.

У крывi — хвароба,

у душы — хвароба...

I над Беларуссю —

вечная жалоба.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.