epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Вечны рухавік

Жыццё мінулае, заплечнае,

Было — сплыло.

Канец, тупік.

Бо сэрца, хоць і даўгавечнае,

Зусім не вечны рухавік.

 

Рэсурс дапаліцца да каліва

І... «стоп машына» — прыгавор.

Гады, гады — не тое «паліва»,

Каб не спыніўся наш матор.

 

Няўдачы, стрэсы, страты горкія

Разбалансоўваюць наш рух.

Ці не таму знікаюць многія?

Паўшляху — і матор заглух.

 

Пачатак дня, ды сонца схіліцца

І прыдзе ноч, хоць круць, хоць верць.

І вечны рухавік не спыніцца:

Жыццё — і смерць,

Жыццё — і смерць.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.