epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Вегетарыянец

— Сват! Няўжо ты?!

Ілля кінуў кляпаць касу і радасна падаўся насустрач падводзе, на якой, цмокаючы на каня, пад’ехаў да хаты Антось Бізюк.

— Здарова маешся, сваток! — таксама радасна адгукнуўся з падводы Антось.— Сустракай нязванага госця!

— Нязваны, затое заўсёды жаданы! — абняў і пацалаваў свата Ілля.

З хаты на крык выбегла Альжбета, Іллёва жонка:

— А чаму адзін? А дзе Ядзя? А дзеці? — замест вітання накінулася яна на Бізюка.

— А колькі ж ты ў нас не быў? Дарогу забыўся, ці што? — з другога боку абрынуліся на Антося сватавы пытанні.

— Колькі не быў?.. Дай Бог памяці... Мусіць...

— Кіньце пустое! Чалавек з дарогі, распрагайце каня ды за стол,— перапыніла мужчын Альжбета.— Пагаманіць будзе час у хаце.— І яна крутнулася да сваіх спраў, ладкаваць стол.

І сапраўды, за сталом узрушанасць уляглася і саступіла месца спакойнай гаворцы, якую аздабляў кілішкавы перазвон і кароткія традыцыйныя зычэнні:

— Ну, будзь здаровы!

— І ты будзь здаровы!..

Антось Бізюк, у адрозненне ад хударлявага Іллі, выглядаў як добрая капешка сена, ды і важыў ён далёка за цэнтнер. Таму Альжбета, памятаючы былыя застоллі, калі Антось без напругі «падмятаў» талеркі, адпаведна нарыхтавала стол. На ім — і сала, і магазінная і свая, «пальцам пханая», каўбаса, і капуста, і агуркі з бульбай... Вабіла вока нарэзаная халодная цяляціна, побач з якой апетытна чырванеў у слоіку цёрты хрэн. Адным словам, еш — расперажыся.

— Ну, будзь здароў!

— І вы здаровыя будзьце!

— Пераначуеш, сваток?

— Ды, пэўна ж, пераначую. Каню дам адпачынак і сам хоць крыху адарвуся ад спраў.

— Ну, будзьма здаровы, сваткі!

— І ты... Э-э, а што гэта за дзіва ты, Антось, вытвараеш?

— А што? — не зразумеў той.

— А тое, што трэці раз кульнулі, а ты ў рот — то капусту, то агурок, не раўнуючы, як той заяц. Ці ж пост цяпер які? — занепакоілася гаспадыня.

Антось засмяяўся:

— Я ж забыўся вас папярэдзіць, што за той час,— дай Бог памяці, колькі ж я ў вас не быў? — дык вось, за гэты час я змяніў свае адносіны да яды. Вегетарыянцам стаў!

— Во-ой! — ускочыла Альжбета.— Зноў нейкае дзіва! А што гэта такое?

— А як гэта? — не ўтрымаўся і Ілля.

Антось дэманстратыўна грызануў агурок і патлумачыў:

— Не ем нічога такога, што краталася пры жыцці.

— Што значыць краталася? — не зразумела Альжбета.

— Ну, напрыклад, карова, свіння, авечка ці няхай сабе той жа заяц альбо птушка.

— А што ж тады есці? А як жа жыць? — напужаўся Ілля.— Кажуць: па малаку ног не павалаку...

— А ем я гародніну ўсякую ды расліну розную,— зноў тлумачыць Бізюк.

— З тваім сацыяльным назапашаннем,— Ілля паказаў на сватаў жывот,— можна і расліны пакінуць у спакоі, а жыць толькі святым духам. Гэта табе не мая празрыстая канфігурацыя, якой няма куды ўжо адступаць.

— Не жывот мяне прымусіў адмовіцца ад мяса, а мая ўнутраная філасофія.

— Глянь ты, куды цябе панесла! — здзівілася гаспадыня.

— Ну, а яйкі курыныя? Яны ж, як ты кажаш, не кратаюцца пры жыцці, ляжаць роўненька,— пачуў пытанне Бізюк.

— Яйка — гэта зародак жыцця, пра іх і мухі не гамоняць!

— Нейкі ты зрабіўся ідэйны, з тваімі мухамі,— паціснуў плячыма Ілля.

— Прабач, сваток, я жартам параўнала цябе з зайцам, а ты як ёсць недалёка ад яго адкаціўся. І навошта табе такое зайцава сталаванне? — не пераставала здзіўляцца Альжбета.

— У цябе што на відэльцы? — спытаўся Бізюк.

— Цяляціна,— здзіўлена адказала жанчына.

— Цяляціна, кажаш... А цяля было сваё?

— Сваё, а чыё ж! — яшчэ больш здзівілася яна.

— А ласкавае, пэўна, было цялятка... Сустракала цябе, пальцы смактала твае, быццам матчыну цыцку, у вочы з даверам зазірала. Так?

— Пры чым тут гэта? — скрывілася Альжбета.— Ты мне апетыту не псуй.

— Пакінь ты ў спакоі цяляціну! — звярнуўся да свата Ілля.— Вось налягай на свініну: тут табе і падсмажаная, тут і засоленая з праслойкай.

— А я і пра свінню магу тлумачыць тое, што і пра цяля, ды яшчэ, не за гэтым сталом будзе сказана, дадаць штосьці пікантнае...

Бізюк змоўк і паклаў сабе на талерку побач з бульбай квашанай капусты.

— Што яшчэ за пікантнасць можа быць у сале? — пацікавіўся гаспадар.— Сала яно і ёсць сала.

— Ну, калі цягнеш за язык, дык слухай і не крыўдуй. Бывае, што ў карыта да свінні ці парсюка (не кажу пра вашых) заскоквае пацук паласавацца парсючыным меню. Зазяваецца, бедалага, а парсюк яго — хрум, і гатова! Нават хваста яго доўгага не выплюне... Я ўжо не кажу пра мышэй. А сёння мыш — гэта вам не тая, што раней. Чулі? Па тэлевізары абвясцілі, што навука знайшла ў звычайнай мышы ДНК, як дзве кроплі вады падобную на чалавечую. Вось вам і мыш шэрая! Атрымліваецца, што свіння можа глынуць не проста нейкую там мыш бязродную, а ледзь не чалавечы арганізм...

Іллю перакрывіла так, нібы яму ў рот паклалі пацука, і асцярожна, быццам на відэльцы была мыш, а не скварка, ён спіхнуў яе назад на талерку.

— Ты, брат, такога тут нагарадзіў, што кішкі заварушыліся ля самага горла. Чаго добрага — заванітуе. Давай лепей кульнём яшчэ па чарачцы і спынім гэта варушэнне, вернем апетыт. Ну, дык будзь здароў!

— Будзь здароў! — адказаў Бізюк.— А ты чаму не п’еш, свацейка?

— А чым жа я закусваць буду? Ты ж усё зганьбіў,— успыхнула Альжбета.

— Вось бяры пакупную каўбаску — як яе? — нейкая салямі ці саляры,— раіць гаспадар не то жонцы, не то свату і сам торкае відэльцам у каўбасу.

Бізюк і тут не змоўчаў:

— Туды, сваток, у тваю салямі, дадаюць да ўсёй жыўнасці кароўскай ды свінячай пароды яшчэ і каніну.

— Дык і на здароўе! — бадзёра крактануў пасля чарговага кілішка Ілля.— Конь — жывёліна чыстая. Гэта табе не свіння, нават не карова. Тая ж карова можа напіцца з любой лужыны, а конь п’е толькі чыстую ваду.

— А як жа ты можаш есці каня, пасля таго як ён выцягнуў нас з багны вякоў у светлую сучаснасць? У мяне рот на такое не раскрываецца! — катэгарычна заявіў Бізюк.

Падпіты гаспадар не стрымаўся і запальна секануў:

— Запрагайся і едзь у Францыю! Там жаб ядуць, толькі спраўляйся лавіць іх, а тут ад мяса нос вернеш!

— Цьфу на цябе! — штурханула мужа Альжбета.— Жаб толькі тут не хапала! Рыхтавала, ладзіла стол, а яго з пацукамі ды жабамі змяшалі. Кавалак у рот не лезе ад твайго, сваток, вегетарыянства. Еш ты сваю капусту з агуркамі, але моўчкі. Дарэчы, магу сена прынесці з пуні! — І яна рашуча ўстала з-за стала.

— А што ты маеш пікантнага да курэй? — насядаў на свата Ілля.— Чым табе не дагадзіла птушка? Чым?

— Птушка не курыца, чалавек не баба! Сам ведаеш! — пераблытаў вядомую прымаўку п’яны Бізюкоў язык.

— Ну, тады будзь здароў, сваток!

— І вы, сваткі, будзьце заўсёды здаровенькія! — Выпіў сваё ён і, відаць, з п’янага вока прамахнуўся, бо відэльцам патрапіў не ў капусту, а ў вялікі кавалак «пальцам пханай» каўбасы, якую пачаў старанна жаваць і смачна прыгаворваць: — Толькі гародніну ем, толькі розныя расліны...

Ілля таксама кульнуў у рот кілішак і, рашуча адсунуўшы сала, таркануў відэльцам пад бок агурку. Ён, як не сваімі зубамі, жаваў яго і мармытаў сабе пад нос:

— Гэта ж трэба: у мышы знайшлі чалавечы арганізм...

Альжбета нічога гэтага не бачыла, бо пайшла даглядацца, і толькі праз вокны яшчэ доўга чула:

— Будзь здароў, сваток!

— І ты будзь здароў!

Калі ж вярнулася прыбіраць са стала — талеркі былі «падмеценыя».



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.