epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Веліч

Да бярозы «сваёй»

прытулю галаву,

Абдыму яе белую зграбнасць.

І здаецца, што я

не дарэмна жыву,

Быццам сам уяўляю прывабнасць.

 

Росквіт год у яе,

мне ж — няўхільна капец,

Бог разумны — ўсё важыць і дзеліць.

Я калісьці бярозку садзіў,

як дубец,

Сёння ў неба ўпіраецца веліч.

 

А яна ж не адна —

вунь іх колькі, «дубцоў»

Цэлы гай, мной пасаджаны колісь.

Я між гэтых,

чысцютка-бялюткіх ствалоў

Адчуваю душы сваёй вольнасць.

 

Штось гамоніць ласкава

мой «сад» гаваркі,

Мо на мове лістоты мне дзячыць.

Жыць і жыць ім далей

з маёй лёгкай рукі —

І гады будуць чуць іх і бачыць.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.