epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Вераснёвая палітра

Фрактуе восень жнівеньскую мітру,

Пакуль што сціпла

лету патрафляе.

І ўсё ж у вераснёвую палітру

І жоўты колер

пакрысе трапляе.

 

Пакуль буяе лес —

яшчэ не хутка

Апалы ліст пад ногі сумна ляжа,

А верасень бывае —

ходзіць чутка —

І жніўню наўздагон

свой форс пакажа.

 

Хоць верасень балюе правамочна,

Цішэюць і радзеюць

птушак спевы,

І ўсё часцей,

а з часам — відавочна,

Садзіцца восень

адпачыць на дрэвы.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.